У Літве беларуса прызналі пагрозай бяспецы за працу на БелАЭС па размеркаванні
Беларуская АЭС
Беларускага айцішніка Леаніда ў Літве прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы і анулявалі яго ВНЖ. Прычынай стала праца на БелАЭС у 2015-2017 гадах па размеркаванні, піша devby.
Леанід закончыў БДУ, мае адукацыю фізіка. У 2015 годзе яго размеркавалі на БелАЭС. У 2017-м мужчына на тры гады сышоў у дэкрэт пасля нараджэння дачкі. Увесну 2020-га, пасля дэкрэта, ён звольніўся з АЭС і перайшоў на працу ў IT. У студзені 2022 года Леанід прыняў офер ад літоўскай кампаніі і пераехаў з сям'ёй у Вільню.
Пры гэтым у анкеце ў 2022 годзе Леанід указаў, што працаваў на БелАЭС, але ніякіх прэтэнзій да яго тады не выказалі.
У лютым 2024-га ў дзяцей Леаніда скончыўся тэрмін ВНЖ, а ў траўні — і беларускіх пашпартоў. Беларусі. Бацькі падалі заяву ў Дэпартамент міграцыі Літвы, паведамілі, што не могуць паехаць у Беларусь для абмену дакументаў. Дзецям выдалі карткі з тэрмінам дзеяння да 2025 года.
Праз некалькі месяцаў Леанід з жонкай падалі заяўку на праязныя дакументы для дзяцей. Аднак літоўскія службы такія дакументы не выдалі. Узамен іх мужчыну даслалі паведамленне, што яго ВНЖ ануляваны, бо ён працаваў на БелАЭС, а значыць уяўляе пагрозу для нацбяспекі Літвы. ВНЖ жонкі і дзяцей Леаніда таксама анулююцца, а самому яму забаронены ўезд у Літву.
Цяпер беларус павінен пакінуць Літву. Пры гэтым вярнуцца ў Беларусь ён не можа. Леанід з жонкай могуць паехаць у трэція краіны. Аднак туды не могуць выехаць іх дзеці, бо ў іх няма праязных дакументаў і пашпартоў.
Для развязання праблемы беларус, як паведамляецца, вядзе кансультацыі з юрыстамі і НКА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.