Мінчукі з вуліцы Цэнтральнай спынілі высечку дрэваў

Мінчукі з вуліцы Цэнтральнай спынілі высечку дрэваў

Пратэст жыхароў мінскай вуліцы Цэнтральнай супраць высякання дрэваў атрымаўся паспяховым, піша tut.by. На гэтай вуліцы пачалі рамонт цепламагістралі, і пад гэтую нагоду сталі высякаць дрэвы. Пад высечку былі прызначаныя 60 ліставых, 43 хвойныя, 25 пладовых дрэваў плюс хмызнякі. Зранку 23 траўня жыхары вуліцы сабраліся і спынілі працы. 

Сама цепламагістраль праходзіць пад дарогай. Яна маральна і фізічна састарэла. Як інфармуе БЕЛТА, штогод на ёй адбываюцца чатыры-пяць аварыяў. 

Аднак новую цепламагістраль вырашылі пракладаць не пад дарогай, а побач — праз зялёныя насаджэнні. На сустрэчы з жыхарамі Аляксандр Бузо, дырэктар філіяла Мінскэнерга "Мінскія цеплавыя сеткі", патлумачыў: "Дарога гэтая — №1, па ёй прэзідэнт ездзіць на МАЗ. Па суседняй вуліцы служба бяспекі ездзіць не дае. Таму зачыняць гэтую дарогу на працяглы час нельга. Такім чынам, пракласці пад ёй новыя трубы не атрымаецца". 

Па яго словах, якія прыводзіць tut.by, дарогу давялося б зачыніць на сем месяцаў, у чым адмовіла адміністрацыя Заводскага раёна сталіцы. Да таго ж, цяпер пад дарогай новыя трубы не пракладаюць, бо гэта небяспечна: дарогі пасыпаюць соллю, якая ідзе ўніз, на трубы, ад чаго яны хутка ржавеюць. 

Бузо прапанаваў два варыянты вырашэння канфлікту: альбо трубы пракладуць на месцы старых, пад дарогай, альбо пракладку перасунуць бліжэй да дарогі, каб пад высечку патрапіла толькі частка дрэў. Жыхары дамоў з абодвума варыянтамі пагадзіліся, але першы назвалі прыярытэтным. Замоўца праекта паабяцаў, што да прыняцця рашэння ўсе працы прыпыненыя і заўтра секчы дрэвы ніхто не прыедзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі