Мінфін адказаў Fitch наконт ацэнкі крэдытнага рэйтынгу Беларусі
Мінфін пракаментаваў публікацыю рэйтынгавага агенства Fitch пра магчымы дэфолт па еўрааблігацыях. Да такога меркавання агенства прыйшло пасля таго, як беларускія ўлады вырашылі, што плацяжы ў доларах ЗША па еўрааблігацыях будуць пераводзіцца ў беларускіх рублях на рахунак у "Беларусбанку".
У міністэрстве фінансаў заявілі, што агентства суб'ектыўна падыходзіць да ацэнкі крэдытаздольнасці краіны.
"У межах правядзення агляду крэдытнага рэйтынгу Беларусі рэйтынгавым агенцтвам Fitch былі праігнараваныя падрабязныя тлумачэнні і аргументаваная просьба Міністэрства фінансаў аб поўным і ўсебаковым аналізе сітуацыі з ажыццяўленнем плацяжоў па еўрааблігацыях. Абставіны, якія склаліся, на нашу думку, паказваюць на суб'ектыўны падыход у ацэнцы крэдытаздольнасці Рэспублікі Беларусь з боку рэйтынгавага агенцтва Fitch", — гаворыцца ў паведамленні.
Цяпер, паводле Мінфіну, Беларусь мусіць "выбіраць альтэрнатыўныя варыянты выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях перад трымальнікамі, бо сітуацыя па сваёй сутнасці з'яўляецца форс-мажорнай". Маецца на ўвазе адмова Citigroup і іншых партнёраў пасля прагнозу Fitch працаваць з беларускімі еўрааблігацыямі.
Калі плацяжы па еўрааблігацыях не будуць выкананы на першапачатковых умовах да канца льготнага перыяду — 13 ліпеня, Fitch будзе лічыць гэта "дэфолтам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.