Мінфін разлічвае на нафту па $80: праз гэта ў бюджэце будзе новая дзірка

Даходы ад нафтаперапрацоўкі паменшацца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Даходы ад нафтаперапрацоўкі паменшацца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Дэфіцыт бюджэту ў 2023 годзе можа аказацца большы, чым запланаваныя 3 млрд 174 млн рублёў. Гэта вынікае з планаў Мінфіна, што нафта будзе каштаваць $80 за барэль. Па факце яна ўжо ніжэйшая.

Арымліваецца, трэба будзе яшчэ больш пазычаць, каб залапіць дзіркі? Але ў 2023 годзе дзярждоўг Беларусі і так амаль не знізіцца, хоць грошы на яго пагашэнне выдзеленыя.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, як гэта адаб'ецца на жыцці беларусаў.
 

“Акрамя эканамічных фактараў, ёсць палітычныя і ваенныя”

Мінфін распавядае, што бюджэт на 2023 год разлічаны сыходзячы з таго, што кошт нафты ў сярэднім будзе $80 за барэль. Аднак у студзені кошт расійскай нафты Urals склаў ўсяго $49,48 за барэль.

Мінфін разлічвае на нафту па $80: праз гэта ў бюджэце будзе новая дзірка
Нафта будзе для Беларусі таннейшая, але больш страт будзе ад змяншэння прэферэнцый і прыбыткаў нафтаперапрацоўкі / Reuters

Калі кошт нафты ніжэйшы, то беларускі бюджэт губляе па некалькіх прычынах. Адна з іх — зніжаюцца таксама кампенсацыі за падаткавы манеўр, на якія дамовіліся Лукашэнка і Пуцін.

З 2023 года пачаў дзейнічаць Дагавор паміж Беларуссю і Расіяй аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках, — кажа навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль. — У адпаведнасці з гэтай дамовай, Беларусь будзе атрымліваць з бюджэту Расіі штомесячныя трансферты, сыходзячы з памеру перапрацоўкі нафты 1,5 мільёнаў тон у месяц. Калі ацаніць наступствы зніжэння кошту нафты Urals на сусветных рынках з 80 долараў да 40 долараў, то страты трансфертаў у бюджэт Беларусі з Расіі складуць у 2023 годзе 0,4 мільярдаў долараў.

Ёсць яшчэ ўскосныя страты. Калі памяншаецца кошт нафты і кампенсацыі, то памяншаецца і маржа ад нафтаперапрацоўкі.

Уплыў на бюджэт у дадзеным выпадку вызначаецца выплачанымі падаткамі з даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў, а таксама дывідэндамі, пералічанымі з прыбытку беларускімі НПЗ і нафтатрэйдарамі. Колькасныя параметры магчымых страт бюджэту прагназаваць дастаткова складана, асабліва з улікам уведзеных і будучых санкцый супраць рэжыму Пуціна і рэжыму Лукашэнкі, — працягвае Алег Мазаль.

Але лічбы значныя, лічыць кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін:

Магчымасць скарачаць выдаткі за кошт зніжак з боку Расіі і павялічваць маржу пры перапрацоўцы нафты вельмі ўплывае на прыбытковасць беларускага бюджэту.

Якімі будуць кошты на расійскую нафту далей, сказаць складана. Але наўрад ці сцэнар будзе спрыяльны для Беларусі.

Мінфін разлічвае на нафту па $80: праз гэта ў бюджэце будзе новая дзірка
Беларусі трэба браць новыя пазыкі пад высокія адсоткі, бо ніхто, акрамя Расіі, грошай не дасць / Reuters

Што тычыцца пазыкаў, лічбы ў бюджэце на 2023 год таксама не кажуць ні аб чым добрым. У дакуменце Мінфіна гаворыцца, што на пагашэнне даўгоў плануецца выдаткаваць 12 млрд рублёў, на абслугоўванне — каля 4,1 млрд рублёў. А новых запазычанняў улады збіраюцца зрабіць на 10,7 млрд рублёў.

З 10,7 мільярдаў рублёў 86,5 адсоткаў пойдзе на вяртанне старых даўгоў. І толькі 13,5 адсоткаў плануецца накіраваць на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Па сутнасці, дзяржава бярэ новыя крэдыты, каб аддаць старыя даўгі. Гэта, з аднаго боку, некалькі зніжае тэмпы росту агульнага даўгавога цяжару на эканоміку, а з другога боку — істотна зніжае магчымасці фінансавання эканамічнага росту. Для грамадзян Беларусі гэта азначае далейшае скарачэнне магчымасцей нармальнага працаўладкавання і ў цэлым перспектыў росту беларускай эканомікі, — адзначае Алег Мазаль.

Калі гаворка ідзе пра новые пазыкі, то хутчэй за ўсё яны будуць брацца ў Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі