Беларусь можа атрымаць ва ўласнасць санкт-пецярбургскі порт Бронка
Порт Бронка / port-bronka.ru
Беларусь можа атрымаць ва ўласнасць тэрмінал Бронка ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга. Пра гэта ў інтэрв'ю "РІА Новости" паведаміў прадстаўнік расійскага МЗС Аляксей Палішчук.
"У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне перадачы ва ўласнасць Беларусі шматфункцыянальнага марскога перагрузачнага комплексу "Бронка", які ўваходзіць у Вялікі порт Санкт-Пецярбург. Бягучая магутнасць комплексу па перавалцы грузаў складае 3,2 мільёна тон у год, праектная магутнасць — да 20,7 мільёна тон у год", — сказаў расійскі дыпламат.
Для перавалкі беларускіх грузаў, па словах Палішчука, выкарыстоўваюцца 19 расійскіх партоў. Праз іх вязуць калійныя і азотныя ўгнаенні, прадукцыю металургіі і дрэваапрацоўкі.
Беларусь актыўна стала карыстацца расійскімі партамі пасля ўвядзення міжнародных санкцый. Раней наша краіна выкарыстоўвала парты Літвы і Латвіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.