Мінгандлю: Мы толькі рэкамендуем рэкламаваць беларускае піва
Як даведалася Еўрарадыё, замежнае піва знікае з крамаў не толькі Мінска, але і ўсёй Беларусі.
“Прадаем рэшткі. У адзінкавай колькасці. Што далей будзе, пасля чэмпіянату, пакуль не ведаем. Кіраўніцтва выдала дакумент — прыбраць замежнае піва”, — расказваюць у адным з “Еўраоптаў” Гродна.
У гэтай краме на паліцах засталося ўсяго некалькі бутэлек замежнага піва. А ў Магілёве яго ўжо няма. Праўда, супрацоўніцы крамаў нашмат менш гаваркія:
Магілёўскі "Еўраопт": “У нас таксама абмежаванні. Па падрабязную інфармацыяю звяртайцеся ў цэнтральны офіс”.
Сакрэт такога раптоўнага знікнення замежнага піва з Беларусі Еўрарадыё раскрываюць у рэспубліканскім штабе Мінгандлю па арганізацыі гандлёвага і бытавога абслугоўвання і харчавання ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату свету па хакеі. Аказваецца, забароны на продаж небеларускага піва няма, а ёсць толькі рэкламная акцыя беларускага.
Мінгандлю: “Магу вам толькі адно сказаць — Міністэрства гандлю рэкамендуе рэкламаваць піва беларускай вытворчасці”.
Тым часам замежнае піва знікае не толькі з крамаў, але нават з кавярняў і бараў. Святкаваць перамогі сваіх зборных замежныя турысты будуць выключна з беларускім півам.
Фота — interfax.by