Мінімальны заробак з Новага года зраўняюць са спажывецкім бюджэтам
Мінімальны заробак і мінімальны спажывецкі бюджэт у Беларусі зробяць роўнымі з 1 студзеня 2020 года. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас на нулявым чытанні бюджэту ў Палаце прадстаўнікоў 5 лістапада, піша TUT.by.
Цяпер мінімальны заробак на поўную стаўку складае 330 рублёў. З Новага года "мінімалка" складзе 375 рублёў. Адпаведнае рашэнне замацаванае ў пастанове Савета міністраў №582. Такім чынам яна зраўняецца з мінімальным спажывецкім бюджэтам: з 1 лістапада 2019 года на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек ён складае 372 рублі.
Мінімальная заработная плата — самая нізкая аплаты працы для ўсіх без выключэння сфераў дзейнасці. Менш за яе работніку, які працуе на поўную стаўку і спраўляецца з працай, плаціць нельга. Мінімальны заробак у нашай краіне ўсталёўваецца 1 студзеня кожнага года. Пры гэтым ён можа індэксавацца на працягу года — у залежнасці ад эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Мінімальны спажывецкі бюджэт — сума, якой павінна быць дастаткова на набыццё набору тавараў і паслуг для задавальнення асноўных патрэбаў чалавека. Яго зацвярджаюць кожны квартал.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.