Міністэрства аховы здароўя не выключае ўспышку COVID-19 восенню
Сітуацыя з захворваннем COVID-19 у Беларусі стабілізавалася яшчэ ў пачатку траўня / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Восенню і зімой беларусы могуць зноў сутыкнуцца з COVID-19. Колькасць захворванняў можа вырасці, але хвароба будзе насіць ужо не пандэмічны, а сезонны характар.
"Гэта азначае, што захворванне COVID-19 будзе рэгістравацца, як ВРВІ і грып – восенню і зімой", — тлумачаць у міністэрстве аховы здароўя Беларусі.
Паводле звестак ведамства, сітуацыя з захворваннем COVID-19 стабілізавалася ў краіне яшчэ ў пачатку траўня. І зараз у Беларусі "рэгіструецца невялікая колькасць пацыентаў".
З гэтай нагоды ў міністэрстве аховы здароўя падвялі свае вынікі пандэміі. Паводле звестак ведамства, за ўвесь гэты час у Беларусі было зарэгістраваныя каля мільёна выпадкаў — станоўчы тэст на COVID-19 быў выяўлены ў 994 тысяч 037 чалавек. Па стане на 1 ліпеня ачунялі 985 тысяч 592 пацыентаў. Памерлі 7 тысяч 118 пацыентаў.
Статыстыка Міністэрства аховы здароўя па COVID-19 на працягу ўсёй пандэміі выклікала сумневы і крытыку. Гучала меркаванне, што ў ведамстве прыніжаюць лічбы захварэлых і памерлых ад гэтай хваробы. Да прыкладу, у траўні 2020 года на вебінары Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў старшыня арганізацыі Аляксандр Дзядзько казаў, што ў рэанімацыях мінскіх бальніц у красавіку ад каранавіруса памерлі 27% пацыентаў — 117 чалавек. А міністэрства аховы здароўя сведчыла, што на 1 траўня па ўсёй Беларусі зарэгістраваны 93 смерці пацыентаў. Дзядзько пазней у спецыяльным каментары для міністэрства аховы здароўя тлумачыў, што меў на ўвазе "агульную лятальнасць у рэанімацыях устаноў аховы здароўя Мінска".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.