Міністр інфармацыі падтрымлівае МУС у канфлікце з журналістам

Міністр інфармацыі падтрымлівае МУС у канфлікце з журналістам

Міністэрства інфармацыі дасць афіцыйны адказ на афіцыйны зварот наконт здарэння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, калі пацярпеў журналіст партала tut.by Павел Дабравольскі. Пра гэта кіраўніца міністэрства Лілія Ананіч паведаміла 7 лютага ў праграме "Клуб галоўных рэдактараў" на тэлеканале "Беларусь 1".

"Самае галоўнае, што мы атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных спраў, які яскрава сведчыць аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства і ўжыванні законных мер уздзеяння на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту", — перадае БелаПАН словы чыноўніцы.

Па словах Ананіч, журналіст не можа быць актыўным бокам канфлікту: "Калі такое атрымліваецца, значыць, гэта не журналістыка. Значыць, гэта нейкія дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю прафесіі, а не на атрыманне інфармацыі".

Як паведамлялался раней, здарэнне з Паўлам Дабравольскім адбылося 25 студзеня. Падчас суда па "справе графіцістаў" міліцыянты выцягнулі з залы суда актывістаў Максіма Шыціка і Паўла Сяргея, якія разгарнулі расцяжку "Не — палітычнам пераследам". Дабравольскі здымаў тое, што адбывалася за межамі зала суда. Амапаўцы заштурхалі ўсіх трох у пакой і збілі. Дабравольскага білі, не зважаючы на тое, што ён журналіст. Потым усіх трох асудзілі і аштрафавалі.

Дабравольскі і Шыцік знялі пабоі і напісалі заяву ў міліцыю на дзеянні супрацоўнікаў. Сталічная міліцыя выступіла з заявай, быццам Дабравольскі "перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі" і не рэагаваў на іх заўвагі.

1 лютага ў Мінінфарм быў перададзены зварот, які падпісалі 182 журналісты. Аўтары звароту заклікалі Мінінфарм выказацца наконт інцыдэнту з Дабравольскім і нагадаць міліцыі, што недапушчальна перашкаджаць прафесійнай дзейнасці журналістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі