Мінкульт: Такім фільмам, як "Яечня па-беларуску", не месца на "Лістападзе"
Кінаальманах "Хранатоп. Танатас і Эрас" зняты з паказу на "Нацыянальным конкурсе" кінафестывалю "Лістапад". Такое рашэнне прыняў рэжысёр і мастацкі кіраўнік праекта Андрэй Кудзіненка пасля таго, як Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці забараніла да публічнага паказу на тэрыторыі Беларусі адну з навел альманаха "Яечня па-беларуску".
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Андрэй Кудзіненка такім чынам абгрунтоўвае сваё рашэнне:
"Наш праект калектыўны, і забарона да ўдзелу ў праграме аднаго з фільмаў робіць амаральнай саму думку аб кастрацыі цэласнага твора, які ўжо ўдзельнічае ў міжнародных фестывалях на іншых тэрыторыях. Фільм беларускім гледачам мы данясем онлайн, спадзяюся, у бліжэйшы час, пасля адпаведных узгадненняў з усімі аўтарамі фільмаў".
Падчас прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця кінафестывалю "Лістапад" начальнік аддзела кінематаграфіі Мінкульта Ірына Белякова падкрэслівае, што міністэрства не забараніла паказ у межах фестывалю самаго альманаха. Але, па яе словах, кароткаметражка "Яечня па-беларуску" выбіваецца з агульнай канцэпцыі не толькі жорсткасцю, але і падачай матэрыялу.
"Там не больш жорсткасці, чым у іншых фільмах, якія мы дапускаем да паказу, усталёўваючы класіфікатар чатыры зоркі і "18+". Я сама паглядзела гэтую стужку. Для мяне незразумела, што ў ёй хацелі сказаць. Сама гульня акцёраў пад сумневам, і ўвогуле, ёсць пытанні да таго, як гэты матэрыял пададзены. Калі ёсць неабходнасць, можам прыцягнуць крытыкаў, каб "расклалі" гэтую працу. Бо я лічу, што ў межах "Лістапада" паказваць такое беларускае кіно няправільна".
Дарэчы, кінаальманах "Хранатоп. Танатас і Эрас" па той жа прычыне зняты з паказу на фестывалі новага беларускага кіно Bulbamоwie, які пройдзе ўжо ў гэтыя выхадныя — 21-23 кастрычніка ў мінскім арт-кінатэатры "Тытан". Куратар фэсту Максім Жбанкоў кажа, што адказ Мінкульта аб нібыта дазволе "Хранатопу" ішоў да арганізатараў тыдзень:
"У ім напісана, што фільм цалкам не забаронены, апроч навелы "Яечня па-беларуску". Але гэта фактычна азначае, што ён забаронены, бо ніхто ж не будзе выразаць са стужкі гэтыя сем хвілін. Мы бачым новую тактыку міністэрства: аўтараў саміх прымушаюць адмаўляцца ад паказаў".