Мінкульт забараніў фільм пра беларускага міліцыянта

Мінкульт забараніў фільм пра беларускага міліцыянта

"Аднамерная антыгуманная жыццёвая пазіцыя". З такой фармулёўкай Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні парнаграфіі, гвалту і жорсткасці пры Мінкульце забараніла да паказу на фестывалі новага беларускага кіно "Bulbamovie" сяміхвілінную меладраму "Яечня па-беларуску".

"Фільм "Яечня па-беларуску" рэжысёра Валерыі Целяшэўскай утрымлівае антыэстэтычныя сцэны жорсткасці, а таксама прадстаўленыя адносіны паміж людзьмі наводзяць на думку пра аднамерную антыгуманную жыццёвую пазіцыю, у выніку чаго дэманстрацыя дадзенага твору на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забароненая", — гаворыцца ў экспертным заключэнні пад подпісам доктара філалагічных навук, прафесара Ніны Фральцовай.

Мінкульт забараніў фільм пра беларускага міліцыянта
Мінкульт забараніў фільм пра беларускага міліцыянта

Па словах куратара "Bulbamovie" Максіма Жбанкова, галоўным героем кароткаметражкі Целяшэўскай з'яўляецца міліцыянт:

"Гэта камерная меладрама, дзе разгортваецца мізансцэна паміж міліцыянтам і дзвюма дзяўчатамі, адна з якіх — яго жонка. Там сапраўды адбываецца даволі брутальная дамашняя разборка. Але, прабачце, на гэтай падставе можна і ўсяго Таранціна забараніць з Гаем Рычы. Магчыма, справа ў міліцыянце?"

Тым не менш, кажа Жбанкоў, стужка "Яечня па-беларуску" не знятая з конкурснай праграмы фестывалю. Журы ўсё адно будзе яе глядзець. Забарона фільма азначае толькі тое, што яго не пакажуць на вялікім экране арт-кінатэатра "Тытан" у Мінску, дзе 21-23 кастрычніка пройдзе фестываль .

"Але ёсць шмат магчымасцяў паказаць гэты фільм іншым шляхам", — усміхаецца Максім Жбанкоў.

Мінкульт забараніў фільм пра беларускага міліцыянта
Так выглядае сёлетняя ўзнагарода "Bulbamovie"

Дарэчы, апроч "Яечні па-беларуску", у камісіі былі прэтэнзіі яшчэ да трох фільмаў. Але ім проста прысвоілі кваліфікацыю "18+".

Нагадаем, шосты Фестываль новага беларускага кіно "Bulbamovie" пакажа 24 конкурсныя фільмы: 12 мастацкіх, 5 дакументальных і 7 анімацыйных. Усяго было пададзена 64 заяўкі. Акрамя конкурсных фільмаў, чакаюцца дзве пазаконкурсныя прэм’еры: дакументальная стужка "Беларускія песні: традыцыя адлегласці" Арцёма Лобача і мастацкі кінаальманах "Хранатоп. Танатас і Эрас" Андрэя Кудзіненкі.

Акрамя прызоў для пераможцаў у кожнай намінацыі, будуць уручаныя прыз глядацкіх сімпатый і прыз за найлепшы гук. Ацэньваць стужкі сёлета будуць польскі кінакрытык Пётр Чаркаўскі, рэжысёр і сцэнарыст з "Беларусьфільма" Вольга Дашук, рэжысёр і журналіст Паўлюк Канавальчык, даследчыца візуальнай культуры Лідзія Міхеева, кінарэжысёр і кліпмэйкер Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі