Мінск не хоча бачыць расіяніна кансультантам у "нафтавым" судзе

У Эканамічным судзе СНД пачынаецца разгляд пазова Беларусі да Расіі наконт мытаў на расійскую нафту. Мінюст Беларусі выступіў з адмысловай заявай з нагоды прызначэння грамадзяніна Расіі Юрыя Мішальчанкі генеральным дарадцам па нафтавым пазове. На думку беларускіх юрыстаў, гэта можа супярэчыць прынцыпам роўнасці бакоў і справядлівасці, перадае БЕЛТА.

Міністэрства юстыцыі атрымала ад суда доступ да матэрыялаў справы 17 траўня. Азнаёміўшыся з імі, ведамства і зрабіла згаданую заяву. Разам з тым, адзначаюць у міністэрстве, рашэнне наконт прызначэння генеральнага дарадцы фармальна не супярэчыць рэгламенту Эканамічнага суда.

Мінюст адзначыў, што Мішальчанка не проста расійскі грамадзянін. Ён працуе на прафесарскіх пасадах у Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце эканомікі і фінансаў і Паўночна-Заходняй акадэміі дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Гэтыя навучальныя ўстановы маюць прамыя сувязі з вышэйшымі органамі кіравання Расіі, у тым ліку з урадам краіны. А менавіта ўрад і праходзіць адказчыкам па справе.

Беларускія юрысты падкрэслілі, што магчымасць бесстаронняга ажыццяўлення Юрыем Мішальчанкам сваіх функцый выклікае абгрунтаваныя сумневы. І хаця высновы генеральнага дарадцы не з'яўляюцца абавязковымі для суда, да іх прыслухоўваюцца суддзі, і гэта можа паўплываць на абгрунтаванасць і законнасць канчатковага рашэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі