Мінскае "Дынама" звольніла галоўнага трэнера Сяргея Гурэнку
Мінскае "Дынама" звольніла галоўнага трэнера Сяргея Гурэнку. Прэс-служба клуба паведамляе, што кантракт скасаваны "па пагадненні бакоў". Высвятляецца, што яшчэ пасля матчу 4-га тура Гурэнка папрасіў скасаваць з ім кантракт, але кіраўніцтва прапанавала "працягнуць працу з камандай яшчэ на адну гульню". Пасля 5-га тура, у якім "Дынама" выйграла ў "Нёмана" (2:0), трэнера адпусцілі.
Сяргею Гурэнку 47 гадоў. У мінулым ён вядомы беларускі футбаліст, выступаў і на радзіме, і ў замежжы (Расія, Італія, Іспанія). Быў капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі. Трэнерскую кар'еру пачаў у 2009 годзе. Гурэнка быў галоўным трэнерам мінскага "Дынама" ўжо трэці раз, раней — у 2009-2010 і ў 2017-2018 гадах. У пачатку лета 2019-га ён зноў вярнуўся на пасаду галоўнага трэнера "Дынама", каманда ў выніку заняла ў чэмпіянаце 4-е месца. Цяпер яна на 12-м месцы ў турнірнай табліцы.
Пра тое, што Сяргея Гурэнку можа замяніць 60-гадовы Леанід Кучук, у панядзелак паведаміў "Прессбол". Ён без працы з канца мінулага года, а да таго трэніраваў украінскі "Рух" (Д2).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.