Мінская міліцыя не лічыць падзеі на Зыбіцкай "хапуном"

Мінская міліцыя не лічыць падзеі на Зыбіцкай "хапуном"

Увечары 4 чэрвеня мінская міліцыя нарэшце пракаментавала падзеі на вуліцы Зыбіцкай ("галоўнай тусовачнай вуліцы" сталіцы), дзе ў выхадныя масава затрымлівалі людзей. Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама змясціў на сайце guvd.gov.by нататку пад загалоўкам "ГУУС: аб забеспячэнні грамадскага парадку на вул. Зыбіцкай". Сцвярджаецца, што пачасціліся скаргі грамадзян на парушэнні маладымі людзьмі грамадскага парадку на Зыбіцкай і набярэжнай ракі Свіслач. І гэтую тэрыторыю "адпрацавалі" міліцыянеры, у тым ліку і АМАПаўцы.

Увага была звернутая на асоб, якія распівалі алкагольныя напоі па-за барамі і летнімі тэрасамі на вуліцы і на набярэжнай, а таксама на тых, хто знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы. Затрымалі "некалькі дзясяткаў чалавек" (дакладная лічба з нейкай прычыны не называецца). У Цэнтральным РУУС на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы ці за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення.

Мінская міліцыя падкрэслівае, што паведамленні пра "хапун" не адпавядаюць сапраўднасці. Усіх затрыманых адпусцілі, да панядзелка за кратамі заставаўся толькі адзін чалавек, якога раней ужо прыцягвалі да адказнасці па згаданым артыкуле. Паколькі ён "не зрабіў адпаведных высноў", раніцай у панядзелак яго прывезлі ў суд. Якое пакаранне ён атрымаў і ці атрымаў, не паведамляецца.

Міліцыя абяцае, што і далей "будзе здзяйсняць ахову грамадскага парадку на вул. Зыбіцкай і прылеглых да яе тэрыторыях". І ўсё дзеля таго, каб "забяспечыць грамадзянам годны адпачынак і камфортнае баўленне часу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі