Мінскія двары — пекла для смеццявозаў. Але ДАІ не бачыць вострай праблемы
kirov.bezformata.com, фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
У Телеграм-канале "Минск: достаточно щепотки соли" мы ўбачылі трагічны ролік: смеццявоз спрабуе праціснуцца ў двор, пад завязку забіты машынамі. Яшчэ крыху, і грузавік знясе бакавыя люстэркі легкавушак.
І так дзень пры дні, у дзясятках мінскіх двароў. Там, дзе смеццявоз праехаць не можа, жыць робіцца вельмі няўтульна. Мясцовыя жыхары ці то жартам, ці то ўсур'ёз пагражаюць згружаць пакеты са смеццем у вокны прыпаркаваных не па правілах машын. У ДАІ кажуць: "Вострай праблемы няма".
Якія двары — пекла для смеццявоза
"Самыя праблемныя раёны — спальныя, дзе дамы абсталяваныя смеццеправодамі. Малінаўка, Паўднёвы Захад, Сухарава, Захад, Чырвоны Бор. Двары тут часта тупіковыя. Практычна ўсе разваротныя пляцоўкі застаўленыя машынамі, — распавядае начальнік вытворчасці кампаніі Remondis Віталь Раманейка. — У смеццявоза не атрымліваецца развярнуцца, ён вымушаны манеўраваць, выязджаць прыходзіцца заднім ходам. Гэта не толькі небяспечна, але і займае шмат часу.
Цяжка забіраць смецце ў раёне Нямігі. Звычайна мы туды прыязджаем дзесьці з 9:00 да 11:00 — у гэты час народ з'язджаецца у цэнтр. У двары заехаць цяжка. Аўтамабілі стаяць і з боку жылой зоны, і ля кантэйнераў, і нават на кантэйнерных пляцоўках. Бывае, смеццявоз заязджае ў двор праз арку, а калі вяртаецца, там ужо стаіць чыясьці машына — выехаць немагчыма. Даводзіцца выклікаць ДАІ".
Па словах Віталя Раманейкі, асабліва цяжка працаваць па выхадных і ў святочныя дні, калі многія не карыстаюцца машынамі і двары застаўленыя. Смецця ў такія дні больш, чым звычайна.
Дзе ў двары нельга ставіць аўтамабіль: — на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі; — на праездах з боку, прылеглага да жылой забудовы; — у месцах, дзе аўтамабіль можа стварыць перашкоду для руху або працы спецтранспарту (напрыклад, такога, як смеццявоз); — бліжэй за 10 м ад службовых дзвярэй крам, праз якія робяцца пагрузачна-разгрузачныя работы; — у брамах гаражоў; — на тратуарах, акрамя спецыяльна адведзеных месцаў, пазначаных знакамі "Месца стаянкі".
"Ствараецца ўражанне, што на кіроўцаў ніхто не ўплывае"
Калі кіроўца смеццявоза бачыць, што не можа пад'ехаць да кантэйнера з-за прыпаркаваных аўтамабіляў, ён спрабуе звязацца з іх гаспадарамі. Мінчане рэагуюць па-рознаму. Адны перастаўляюць машыны, іншыя адмаўляюцца.
"Ствараецца ўражанне, што на кіроўцаў ніхто не ўплывае, — працягвае Віталь Раманейка. — Па ідэі, людзі павінны разумець, што прыедзе смеццявоз, але яны ўсё роўна ставяць аўтамабілі каля кантэйнераў. На мінулым тыдні машына з расійскімі нумарамі некалькі дзён закрывала праезд да бакаў у адным з двароў Кунцаўшчыны. У пятніцу, калі яны былі бітком забітыя, выклікалі спецыялістаў з ЖРЭА, тыя падключылі ДАІ. Толькі тады на падставе ўсіх заявак супрацоўнікі ДАІ знайшлі гаспадара. Наогул, калі стаяць машыны з міжнароднымі нумарамі, уладальнікаў знайсці вельмі цяжка".
Часам здараецца, што смецце вывезці немагчыма, тады кіроўцы смеццявозаў фатаграфуюць або здымаюць на відэа тое, што перашкодзіла ім пад'ехаць да кантэйнераў. Гэтыя відэа потым паказваюць жыхарам, якія скардзяцца на непрыбранае смецце.
Вінаватыя не толькі вадзіцелі
У некаторых старых раёнах, напрыклад на Грушаўцы, ёсць скразныя двары, таму праблем з уездам і выездам там нашмат менш. Таксама прасцей вывозіць адходы з двароў малапавярховай забудовы.
"Мы кажам: "Вінаватыя вадзіцелі", але з улікам сітуацыі, абстаноўкі, — падкрэслівае Віталь Раманейка. — Новыя мікрараёны забудоўваюцца вышыннымі дамамі, часам па 16 паверхаў, а парковачных месцаў для ўсіх жадаючых няма. У старых ёсць прырост транспарту, а двары тыя ж.
Планавалася зачыняць смеццеправоды, арганізоўваць кантэйнерныя пляцоўкі так, каб людзі самі выносілі і сартавалі смецце (дарэчы, так самастойна робяць ужо многія). Яшчэ ў 2004 годзе былі такія планы, калі не былі забудаваныя Брылевічы і Каменная горка, але рэалізацыі мы не бачым. Былі б кантэйнерныя пляцоўкі, паркоўкі, праезды для смеццявозаў у двары — усім стала б добра".
"ДАІ адразу выязджае і чысціць двары"
Часта машыны, якія перашкаджаюць смеццявозу праехаць, прыпаркаваныя з парушэннем ПДР. Як на гэта глядзіць ДАІ? Еўрарадыё папрасіла начальніка аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандру Папову пракаментаваць сітуацыю.
"Ачысткай двароў, у тым ліку эвакуацыяй, мы займаемся пастаянна. У тым ліку, ставім папераджальныя знакі, — запэўнівае яна. — Калі да нас звяртаюцца з неабходнасцю прыбраць нейкі транспарт, які перашкаджае, адразу ж выязджаем і прыбіраем перашкоды. Разглядаем ўсе звароты. Да кожнага падыходзім індывідуальна".
Па словах Аляксандры Паповай, асобнай статыстыкі па выкліках ад кіроўцаў смеццявозаў ДАІ не вядзе: "Вострай праблемы няма".
"Перш чым здаваць у ДАІ, тэлефануем і размаўляем"
У таварыстве ўласнікаў дома №3 па вуліцы Олешава ў Мінску праблему вывазу смецця і паркоўкі ў двары спрабуюць вырашыць па-свойму.
"Жыхары пішуць кіроўцам запісачкі: калі ласка, не паркуйцеся ў неналежных месцах, вы парушаеце ПДР, у наступны раз будзем выклікаць ДАІ, — распавядае старшыня таварыства Аліна. — Паколькі парковачных месцаў не вельмі шмат, і ўсё роўна вадзіцелі часам паркуюцца ўздоўж жоўтай лініі, я загадзя раблю аб'яву, што плануецца вываз смецця. Звычайна ўсё рэагуюць. Людзі адэкватныя.
У нас ёсць спіс нумароў асабістага транспарту жыхароў. Калі нехта заўважае парушальніка, піша ў агульную групу. Перш чым здаваць у ДАІ, тэлефануем і размаўляем — заклікаем да сумлення сваімі метадамі".
Інакш кажучы, працуе прынцып: "Папярэджаны — потым не крыўдуй".
"Час ужо скарачаць колькасць машын у Мінску"
На 1 студзеня 2018 года на 1000 жыхароў Мінска прыходзілася 320 машын. Гэта больш, чым у Маскве (298) і прыблізна столькі ж, колькі ў Санкт-Пецярбургу (321). "Гэта досыць шмат. Цяпер важна даступнымі метадамі скарачаць гэтую колькасць, інакш Мінск ператворыцца ў горад з пастаяннымі заторамі", — кажа намеснік дырэктара Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце (БАЭС) Аляксандр Нікалайчык.
Эксперт раіць прыслухацца да еўрапейскага досведу. Каб мінчане пераселі на грамадскі транспарт, яго трэба зрабіць зручным:
"Неабходна павысіць яго хуткасць, перагледзець маршруты. Таксама гораду перашкаджае транзітны рух. Калі па цэнтры хутчэй праехаць, чым у аб'езд, людзі будуць гэтым карыстацца. Таму, магчыма, варта недзе перанакіраваць транспарт па іншых калідорах. У многіх старых еўрапейскіх гарадах, каб патрапіць у цэнтр на сваім транспарце, трэба плаціць грошы".
Аляксандр Нікалайчык распавядае, што ў Мінску збіраліся будаваць двары без магчымасці паркаваць асабісты аўтатранспарт — праектным арганізацыям выдаваліся такія тэхнічныя ўмовы. Навін пакуль няма.