Мітынг прадпрымальнікаў не скончыўся нічым апроч затрыманняў

10 студзеня а 12 гадзіне больш за тысячу прадпрымальнікаў з Мінску і рэгіёнаў Беларусі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Асноўным патрабаваннем мітынгоўцаў была адмена пункту 1.1 760-га указу прэзідэнта, які забараняе ІПэшнікам наймаць на працу работнікаў апроч сям’і і сваякоў. Дэлегацыя прадпрымальнікаў на чале з Анатолем Шумчанкам накіравалася ў Адміністрацыю прэзідэнта. Там з імі сустрэлася кіраўніца эканамічнага ўпраўлення Іна Мядзведзева.

Не дачакаўшыся вынікаў перамоў, страйкоўцы па праспекце Незалежнасці накіраваліся да парламенту. Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі не выйшаў на заклікі прадпрымальнікаў. Ніхто іншы ад уладаў таксама не захацеў весці дыялог са страйкоўцамі. Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі Алесь Таўстыка:

“Перамовы не скончыліся нічым. З Палаты прадстаўнікоў да нас ніхто не выйшаў. А тыя перамоўцы, якія хадзілі ў адміністрацыю прэзідэнта, ім нічога канкрэтнага не прапанавалі. Тыпу, можа, нейкія перамовы, перамовы і ўсё”.

Падтрымаць прадпрымальнікаў прыйшлі і звычайныя спажыўцы. Сярод іх – студэнт Ягор Шумскі:

“Сам я не прадпрымальнік, я студэнт. Аднак я салідарны з патрабаваннямі прадпрымальнікаў. Таму што калі прадпрымальнікі знікнуць як клас, гэта прывядзе да росту коштаў у крамах. Гэта адаб’ецца і на мне, як студэнце, на маіх бацьках і ўвогуле на ўсіх грамадзянах Беларусі”.

Не дачакаўшыся дыялогу з уладамі, а пятай гадзіне, калі сцямнела, мітынгоўцы сталі разыходзіцца. Аднак некаторым з іх міліцыянты не дазволілі патрапіць дадому. Такім чынам, за два апошнія дні праваахоўныя органы затрымалі Вячаслава Сіўчыка, Аляксандра Цацуру з Салігорску, Алега Шабетніка з Рэчыцы, Алеся Макаева з непаўнагадовым сынам, Анатоля Лябедзьку, Анатоля Шумчанку, некалькі моладзевых актывістаў. Пад аховай знаходзяцца Віктар Гарбачоў і Віктар Калей.

Многія прадпрымальнікі так і не змаглі дабрацца да Мінску, гаворыць маёр міліцыі ў адстаўцы Сяргей Парсюкевіч:

“Спадарыні і спадары, на падыходзе да Мінску нашыя людзі. Іх затрымліваюць, арыштоўваюць, у іх забіраюць правы. Аднак яны ідуць сюды. Калі трэба, яны прыйдуць пешшу, і мы тут іх дачакаемся”.

Аднак пешшу ніхто да мітынгоўцаў не дайшоў, а тыя не сталі чакаць. Таму прадпрымальнікі па выніках акцыі вырашылі сабрацца наступны раз на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 25 студзеня а 12-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі