“Могуць прыйсці і да “Спутника”. Эксперт пра зачысткі на інфармацыйным полі

“Могуць прыйсці і да “Спутника”. Эксперт пра зачысткі на інфармацыйным полі

“У сітуацыі, калі “наехалі” на беларускага грамадзяніна, які працуе на выданне, якое асацыюецца  з Расіяй, я не ўпэўнены, што Крэмль будзе займаць прынцыповую пазіцыю”, — такую думку ў эфіры Еўрарадыё агучыў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Чаму галасы абурэння гэтай сітуацыяй з расійскага боку гучаць так квола? Ці пойдзе рэжым далей у выцісканні з беларускай інфармацыйнай прасторы расійскіх медыя? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае медыяэксперт.

“Могуць прыйсці і да “Спутника”. Эксперт пра зачысткі на інфармацыйным полі
Паўлюк Быкоўскі / Еўрарадыё

Нянавісць прапагандыстаў да “КП”
 

Заўсёды была страшная нянавісць да “Комсомольской правды” (“КП”) з боку беларускага прапагандысцкага апарату, бо амаль увесь час кіравання Лукашэнка параўноўваў дзейнасць дзяржаўных медыя з “КП”. Маўляў, “вось які ў іх адсотак чытачоў, паглядзіце, колькі адсоткаў давярае іх публікацыям”. Таму дзяржаўныя прапагандысты цяпер карыстаюцца магчымасцю. Але зрабіць дакладны прагноз у такой сітуацыі мне здаецца абсалютна немагчымым. Я думаю, што сітуацыя таксама ўтрымлівае кулуарныя размовы паміж пэўнымі сіламі ў Расіі. 

Я могу выказаць толькі спадзявнані, што Генадзь Мажэйка выйдзе хутка на свабоду і ад рэдакцыі “КП” у Беларусі адчэпяцца з такімі пагрозамі.

Ці адрэагуе Расія?
 

Выказванне Саюза журналістаў Расіі — гэта карпаратыўная пазіцыя. Што тычыцца Пяскова, то ён адказваў на пытанне журналістаў. Ці будзе нагода яшчэ раз задаць яму пытанне? Напэўна, будзе. Але ўсё вырашаецца не толькі такімі публічнымі выказваннямі, ёсць рэальная пазіцыя і, як кажуць, шматпад’езная крамлёўская палітыка. Можа, яны будуць адбіваць Мажэйку ці проста пагодзяцца з тым, што зрабілі беларускія ўлады. Можа быць нейкае кампраміснае развіццё сітуацыі. 

Вельмі складана штосьці прагназаваць. І беларуская сістэма закрытая, і расійская закрытая. Мы апошні час назіралі, як Лукашэнка задзіраў Захад і потым казаў: “А хто на мяне з Крамлём?”. Ніводнага разу Крэмль не асадзіў Лукашэнку. У сітуацыі, калі наехалі на беларускага грамадзяніна, які працуе на выданне, якое асацыюецца з Расіяй, я не ўпэўнены, што Крэмль будзе займаць прынцыповую пазіцыю.

“Могуць прыйсці і да “Спутника”. Эксперт пра зачысткі на інфармацыйным полі
Затрыманне журналістаў у Мінску / "Наша Ніва"

Расійскім выданням таксама можа “дастацца”
 

У нас ёсць спецыяльная дзяржаўная праграма, якая тычыцца кіравання медыя. Усё мусіць быць пад адным кантролем. І вось гэтая рука наводзіць парадак, як яна разумее.

Іншае пытанне, што гэта часам адбываецца не вельмі паслядоўна. Часам кампрамісныя рэчы, часам складана замахнуцца на тыя рэсурсы, што асацыююцца з Расіяй. Але калі раптам вецер пераменіцца, расійскім выданням таксама дастанецца.

Калі журналістаў пазбаўлялі акрэдытацый, пазбаўлялі і расійскіх грамадзян. Не ўсім вярнулі. Калі раптам у нас будзе, як гэта было да 9 жніўня, інфармацыйная спрэчка з Расіяй, то могуць прыйсці і да “Спутника”.

Пэўная радыкалізацыя адбылася
 

Ужо ёсць і тэлеграм-каналы, і ютуб-каналы, якія працуюць як перыядычныя выданні. Яны не звязаныя з журналісцкай этыкай і займаюцца прапагандай. Але яны выказваюцца так, як пратэсна настроеным людзям было б прыемна пачуць. Пэўная радыкалізацыя ўсё ж такі адбылася.

Прапагандысты з апазіцыйнага кола атрымліваюць большы трафік, чым тыя, хто лаяльны рэжыму. Бо яны больш нязмушаныя, прапануюць больш простыя рашэнні, якія трапляюць у той боль грамадства, які ёсць. Яны маюць перавагу перад традыцыйнымі медыя, якія правяраюць інфармацыю, не вешаюць ярлыкі. 

Людзі хочуць больш простай карціны свету. Людзям не падабаецца таксама салодкая вадзічка, якую льюць дзяржаўныя медыя, калі расказваюць пра тое, што адбываецца ў краіне. Беларусы хацелі б чуць пра праблемы. Новыя медыя спрацоўваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі