“Мост”, дзень першы: як The Toobes разбурылі мяжу паміж публікай і музыкамі

“Таранціна, прывет! Што, бліжэй не пускаюць?” — крычыць са сцэны бас-гітарыст The Toobes Стас Мурашка. Фатограф Таранціна, як і дзве сотні прыхільнікаў “Тубсаў”, “тусяць” пад плотам, які агароджвае фан-зону ад танцполу. Першы вечар фестывалю “Мост”“новага беларускага фэсту з еўрапейскім узроўнем” — у разгары. Праўда, параўнаць новы фестываль з іншымі еўрапейскімі можа не кожны наведвальнік “Моста”.

“Мы былі толькі на “Рок за Бобров”. Калі параўноўваць, то “Мост” — фэст на вышэйшым узроўні, — перабіваюць адна другую сяброўкі. — Падабаюцца забаўляльныя зоны, зоны, дзе можна пасядзець, ежа смачнейшая. І атмасфера, натуральна. Хочацца, каб у нас часцей ладзілі такія цудоўныя мерапрыемствы, дзе моладзь збіраецца і разам радуецца, весяліцца, танчыць. І вельмі здорава, калі да нас прыязджаюць зоркі такога ўзроўню і выступаюць у адным месцы. Гэта крута!”

Хто-хто, а The Toobes, якіх надта ўсхвалявала доля беларускіх прыхільнікаў за плотам, добра ведаюць, што такое сапраўдныя еўрапейскія форумы.

“Супервыдатны фестываль, дзякуй усім, хто прыйшоў, і дзякуй публіцы, якую не пусцілі да сцэны, незразумела чаму, — дзівяцца “Тубсы” пасля канцэрту. — Мы адыгралі на шэрагу еўрапейскіх суперфэстаў, і нідзе такога не было. Насамрэч, у Еўропе на фэстах на музыкаў звяртаюць як мага менш увагі. Там прадаецца таннае піва і ўсё — фестываль атрымаўся, калі шчыра! А тут усё толькі для музыкаў — грымёрка, вада, спрайт, піва па 30 тысяч… Не падумайце — мы не “гонім”. Проста першы блін заўсёды комам”.

Абурэнне “Тубсаў” станоўча прымаецца арганізатарамі “Мосту”, і на выступ расійскіх рокераў Lumen плот прыбіраецца. Пакуль публіка з імпэтам кідаецца ў “адрыў” пад бескампрамісныя песні каманды, мы выпраўляемся ў вандроўку па навакольнай тэрыторыі.

Так, сапраўды, стаміўшыся, можна пагрузіцца ва ўтульныя крэслы-мяшкі, зрабіць неверагодную панк-фрызуру ў зялёных, “фестывальных” танах, паесці смачнай кукурузы ды набыць ружовы парык у адмысловых шапіках.

У пошуках намётавага мястэчка, пра месцазнаходжанне якога не ведаюць нават мясцовыя міліцыянты, сустракаем журналістку Таццяну Заміроўскую з сяброўкамі — пад гукі Lumen дзяўчаты ладзяць тэматычную фотасесію ў духу RHCP. Вырашаем, што намётавы гарадок, куды нельга праносіць нават ваду, не кажучы пра распальванне кастроў і прыгатаванне кашы ў кацялку, наведаем заўтра.

А пакуль уліваемся ў натоўп — Hurts выходзяць на вялікую сцэну (іх, дарэчы, дзве. Гэта вельмі зручна для музыкаў і прыкольна для публікі). Брытанцы ўражваюць перш за ўсё светлавым шоў і якасцю выканання. Праўда, чамусьці рок-фестываль падаецца не надта вясёлым. Верым публіцы — другі дзень “Мосту” будзе больш бадзёрым! Тым больш, завершаць яго Akute, “Дай Дарогу!” і Земфіра!

J:Морс адыгралі свае лепшыя песні на вялікай сцэне "Моста"

"Тубсы" завяршаюць свой сэт

Вядучы фэсту кідае ў натоўп "фестывальныя" банданы

Сэт Lumen сабраў найбольшую колькасць гледачоў у першы дзень фэсту

Можна, дарэчы, яшчэ пакатацца на атракцыёнах

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі