МУС: Навуковец прыўлашчыў грошы, вылучаныя на распрацоўку вакцыны супраць свіной чумы
Пад крымінальную справу трапіў былы гендырэктар Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі. Справу пачалі ў выніку сумеснай праверкі і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў,якую правялі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС і Генеральнай пракуратуры.
Як паведамляе сайт МУС, былы дырэктар з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў разам з іншымі асобамі інстытута прычынілі шкоду ў буйным памеры пры работах па распрацоўцы вакцыны супраць класічнай чумы свіней.
У лістападзе 2008 года ў рамках дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння паміж Акадэміяй навук і інстытутам была заключаная дамова на навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы па распрацоўцы і асваенні тэхналогіі вырабу сухой жывой вакцыны супраць класічнай чумы свіней. Інстытуту вылучылі з дзяржаўнага бюджэту 2,2 млрд рублёў.
Праваахоўнікі кажуць, што у незаконную схему па крадзяжы бюджэтных сродкаў адміністратар ад навукі ўключыў жонку, дзяцей ды іншых сваякоў.
Амаль 600 млн рублёў дзяржава вылучыла на рэканструкцыю будынка інстытута, якую неабходна было зрабіць яшчэ перад распрацоўкай вакцыны. Гендырэктар падрыхтаваў фіктыўныя дакументы, быццам праца была зробленая. Грошы за гэтыя работы ён перавёў на рахунак будаўнічай фірмы, у якой працаваў яго сын.
Яшчэ больш за 1,6 млрд рублёў дзяржава вылучыла непасрэдна на выраб вакцыны супраць класічнай чумы свіней, прапанаванай кіраўніком інстытута. Мужчына распрацаваў саму вакцыну і наладзіў яе выпуск, хаця ведаў, што вакцына не эфектыўная.
Пра гэта распавяла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмецьева:
Пасмецьева: "Падазраваны распрацаваў вакцыну і выпусціў яе ў вытворчасць, загадзя ведаючы, што яна будзе неэфектыўнай. Грашовыя сродкі, атрыманыя з рэспубліканскага бюджэту ў рамках Дзяржаўнай праграмы ён выпісаў у выглядзе заработнай платы, прэмій сабе, сваім сваякам, якіх уцягнуў у злачынную схему".
Беларускі дзяржаўны ветэрынарны цэнтр выявіў, што вакцына не адпавядае патрабаванням якасці па паказчыку "імунагеннасць актыўнасці". Таму яе была вярнулі ў інстытут і пасля знішчылі.
Такім чынам, шкода ад дзеянняў былога гендырэктара і іншых службовых асобаў Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі склала 2,2 млрд рублёў.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК). Яму пагражае ад трох да дзесяці гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Пад варту падазраванага не бралі.
Фота: mvd.gov.by