МУС Украіны: Мы спрабавалі затрымаць "Сашко Білага", ён адстрэльваўся
Усе ранейшыя версіі забойства Аляксандра Музычкі аказаліся памылковымі. Міліцыя прызнала, што гэта праваахоўнікі праводзілі спецаперацыю.
Пра гэта сёння раніцай на прэс-канферэнцыі ў Кіеве заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Уладзімір Еўдакімаў.
Нагадаем, уначы пад Роўна быў забіты каардынатар "Правага сектара" ў Заходняй Украіне Аляксандр Музычка, вядомы як "Сашко Білы". Спачатку паведамлялася, што яго захапілі і расстралялі невядомыя, гаварылі пра "бандыцкія разборкі" ці пра "расійскі след".
Як паведамляюць "Украінскія нацыянальныя навіны", намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Уладзімір Еўдакімаў нагадаў, што яшчэ 8 сакавіка супраць Музычкі былі распачатыя крымінальныя справы за злоснае хуліганства і супрацьдзеянне законнай дзейнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 12 сакавіка яго аб'явілі ў вышук.
Уначы 25 сакавіка праводзілася спецаперацыя, у якой удзельнічалі Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і спецпадраздзяленне "Сокал". "Сашко Білага" знайшлі ў кавярні ў вёсцы каля Роўна і вырашылі правесці затрыманне. Праваахоўнікі схапілі траіх людзей Музычкі, забралі ў іх пісталеты і аўтаматы. Сам каардынатар "Правага сектара" адкрыў агонь па спецназу, сцвярджае Уладзімір Еўдакімаў. Нібыта, ён паспеў параніць супрацоўніка "Сокала" (патрапіў у шалом і ў пагон). Тады той пачаў страляць па нагах. Паранены "Сашко Білы" адстрэльваўся нават калі яго спрабавалі скруціць праваахоўнікі. Як кулі патрапілі ў сэрца, намеснік міністра не патлумачыў. Музычка памёр ад атрыманых раненняў яшчэ да прыбыцця лекараў.
Траіх байцоў "Правага сектара" ўжо прывезлі для допытаў у Кіеў. Для расследаваня дзейнасці "бандыцкага згуртавання" стварылі "ўзмоцненую аператыўную групу".