МУС: затрымалі былога вайскоўца, які паведамляў экс-сілавікам пра аператыўнікаў

МУС: затрымалі былога вайскоўца, які паведамляў экс-сілавікам пра аператыўнікаў

Прэс-служба МУС заявіла, што супрацоўнікі ГУБАЗіК і байцы САХР затрымалі былога вайскоўца-кантрактніка, які пастаўляў інфармацыю ініцыятыве экс-сілавікоў. 

Гэта 24-гадовы ўраджэнец Магілёўшчыны. Паведамляецца, быццам пры затрыманні малады чалавек аказаў супраціў. Аднак на аператыўных здымках ніякага супраціву не бачна. 

Да восені 2020 года хлопец служыў па кантракце ў Віцебску і неаднаразова выязджаў за мяжу на вучэнні ў складзе Сіл спецыяльных аперацый. Потым яго звольнілі за палітычныя погляды і ўдзел у вулічных пратэстах.

Экс-вайсковец пераехаў у Мінскі раён і, як кажуць у МУС, скантактаваўся ў тэлеграм-канале з ініцыятывай: даў ім інфармацыю пра кіраўніцтва Сіл спецаперацый. 

Потым, нібыта, атрымаў сваё першае заданне: праверыць дакладнасць звестак пра супрацоўнікаў ГУБАЗіК, якія даслаў іх былы калега Станіслаў Лупаносаў. Ён прыйшоў дадому да аднаго з аператыўнікаў, паразмаўляў з яго жонкай, але ўцёк, убачыўшы міліцыянта на лесвічнай пляцоўцы. Яго затрымалі праз некалькі дзён, пасля таго як ён фатаграфаваў аўтамабіль таго ж міліцыянта.  

На экс-вайскоўца пачалі крымінальную справу за ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Як распавядала Еўрарадыё, на нарадзе 29 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ініцыятыва экс-сілавікоў цяпер з'яўляецца "замежным рэжысёрам акцый". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі