Муза Купалы і Драздовіч выкладалі ў школе: вось іх заробкі! Унікальны дакумент
Колькі плацілі ў школе Паўліне Мядзёлцы і Язэпу Драздовічу? Мы знайшлі разлічнік!
Муза Янкі Купалы і самы касмічны беларускі мастак сто гадоў таму выкладалі ў мінскай школе.
У архівах захавалася зарплатная ведамасць настаўнікаў мінскай школы за чэрвень 1920 года. У спісе выкладчыкаў — мастак Язэп Драздовіч, акторка і літаратарка Паўліна Мядзёлка, аўтар "Купалінкі" Уладзімір Тэраўскі і, магчыма, першы чэмпіён Беларусі па шахматах! Толькі ўявіце, якія людзі вучылі беларускіх школьнікаў сто гадоў таму — у часы, калі Мінск знаходзіўся пад польскай акупацыяй.
Муза Купалы вучыць дзетак
З архіўнага дакумента вынікае, што ў чэрвені 1920 года ў Гарадской вышэйшай пачатковай школе №6 акторка, літаратарка, педагог Паўліна Мядзёлка адпрацавала 24 гадзіны. Агулам за гэта яна атрымала каля 2,5 тыс. рублёў (з прыбаўкай за кіраўніцтва бібліятэкай).
Так, гэта тая самая Паўліна, што ў дваццаць год стагоддзе назад адной з першых сыграла на сцэне галоўную ролю ў купалаўскай “Паўлінцы”!
Гэта былі цяжкія гады. Прыкладам, цягам халодных зімаў 1918–1921 гадоў сітуацыю з ацяпленнем ў школах ратавала прыватная чыгунка, пракладзеная ад маёнткаў мецэнаткі Магдалены Радзівіл — яна да таго часу ўжо эмігравала. З яе маёнткаў у Мінск пастаўляўся лес.
На жаль, у маі 1920 года Паўліну разам з мужам Томашам Грыбам арыштавалі польскія акупацыйныя ўлады — ужо ў другі раз за некалькі год. А праз некалькі месяцаў пачалося наступленне Чырвонай Арміі, і Паўліну вывезлі ў Варшаву.
Эксперты мяркуюць, што ў гэтай чэрвеньскай ведамасці гаворка ідзе пра заробак Паўліны за травень — тыя гадзіны, што яна паспела адпрацаваць да арышту.
Паўліну Мядзёлку арыштавалі 25 мая, так што большую частку месяца яна адпрацавала і не дзіва, што яе прозвішча ўнеслі ў ведамасць аб заробках. Шкада, што дакладная дата на дакуменце не пазначаная.
Беларускі космас
У той жа час у шостай школе працаваў мастак Язэп Драздовіч. Вы дакладна бачылі гэта партрэт полацкага князя Ўсяслава Чарадзея — яго стварыў менавіта Драздовіч.
Некалькі гадоў таму ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася вялікая экспазіцыя, прысвечаная творчасці гэтага мастака. На ёй можна пабачыць і яго аўтапартрэт: на ім ён адлюстраваў сябе як трохгаловага чалавека. Адна галава для іпастасі мастака, яшчэ адна — для астранома, і трэцяя — для іпастасі краязнаўцы.
Дарэчы, у беларускіх музеях захоўваюцца і ягоныя касмавізіі. То калі маеце магчымасць — абавязкова схадзіце паглядзець. Бо гэта — літаральна — проста космас.
І нават аўтар музыкі да “Купалінкі”!
У спісе таксама пазначана прозвішча “Тэраўскі”. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Тэраўскага — беларускага дырыжора, кампазітара, фалькларыста і святара. Ён быў аўтарам спеўніка для беларускага войска — менавіта ён стварыў музыку для вядомай вам песні “Купалінка”.
А яшчэ ён напісаў музыку для гімна “Ваяцкі марш” — таго самага, што пачынаецца словамі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”.
Ён напісаў музычнае суправаджэнне для вялікай колькасці спектакляў, што ставіў БДТ-1 — для “Машэкі”, “Кастуся Каліноўскага” Еўсцігнея Міровіча, да спектакля “На Купалле” Міхася Чарота, пісаў песні і рамансы на словы Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і… выкладаў для дзетак.
Летам 1920-га года Тэраўскага арыштавалі польскія акупацыйныя ўлады за выкананне песень “Каля хацiнкi” і “Панам мы песнi не спяваем”. Учынілі вобшук — падчас яго ў беларуса знайшлі рэвальвер.
* * *
Чаму нас так уразіла гэтая зарплатная ведамасць? Бо гэта можна параўнаць з тым, калі б цяпер лекцыі па мастацтве і літаратуры ў цэнтры Мінска чыталі Мікіта Моніч, Руслан Вашкевіч ці Юлія Цімафеева. Вой, чакайце: яшчэ нядаўна гэта было зусім рэальна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.