Музыкі адзначаць 90 год БНР адмысловай складанкай

Сёлета Беларуская Народная Рэспубліка адсвяткуе 90 год з дня свайго заснавання. Беларускія гурты вырашылі адсвяткаваць гэтую дату адмысловай музычнай складанкай "Незалежны Я".

Альбом змесціць 15 песень рознай тэматыкі і напрамку, якія дагэтуль нідзе не былі прадстаўленыя.

Пра новую складанку нам распавёў старшыня культурнай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка:

“Пэўная задача гэтага дыска – яднанне. Менавіта таму на ім будзе прадстаўлены рок, метал, фолк, рэп, хіп-хоп, а таксама поп-музыка. Натуральна, за тры дні прамоцыі гэтай складанкі нам даслалі свае кампазіцыі каля пяці чалавек. Мы выберам лепшыя, а астатнія будуць размешчаныя на афіцыйным сайце”.

Дадам, што акрамя маладых выканаўцаў удзел у праекце возьмуць такія гурты, як "Тарпач", "Акропаль", Rostra, "Ска!РБ", Garadzkija і г.д.

А сюрпрызам будзе прэзентацыя новай версіі песні "Тры чарапахі" ад гурта "N.R.М", песня "Гэй, наперад" на словы Янкі Купалы ад IQ-48, і новая кампазіцыя Аляксандра Памідорава.

Нагадаю, што фармаванне складанкі працягваецца! Каб песня трапіла на кружэлку, трэба да 2 сакавіка даслаць яе запіс на e-mail [email protected], пазначыўшы мабільны тэлефон для зваротнай сувязі. Галоўнае патрабаванне - беларускамоўнасць і эксклюзіўнасць матэрыялу.

Складанка "Незалежны Я" будзе распаўсюджвацца бясплатна з 20 сакавіка.

Каб атрымаць дыск, звяртацца трэба на той жа адрас [email protected] ці пакідаць свае каардынаты на сядзібе БНФ.

Фота: www.pozirk.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі