“Мы хочам у Еўрасаюз, але пазней”: рэпартаж з Антымайдана

“Што мы тут за грошы — то гэта няпраўда. Мы па ўласным жаданні сюды прыехалі. Усе, хто паважае прэзідэнта. Мы ўсе прыехалі яго падтрымаць”, — вось так у лоб выдае мне Наталля.

Наталля нідзе не працуе, займаецца “хатнімі справамі”, прыехала у Кіеў з Данеччыны. На выгляд жанчыне каля пяцідзесяці, яна стаіць убаку ад тлуму ўдзельнікаў Антымайдана, захутаная ў сцяг “Партыі рэгіёнаў”. Разам з ёй у нядзелю прэзідэнта Украіны падтрымлівае яшчэ тысяч дзесяць чалавек.

Трапіць на мітынг прыхільнікаў Януковіча і Азарава даволі няпроста. У нядзелю яго прыбіраюць з Еўрапейскай плошчы ў парк бліжэй да Вярхоўнай Рады і падалей ад Майдана. Я пра гэта яшчэ не ведаю, таму распытваю міліцыянтаў: “Дзе прыхільнікі ўлады? Як знайсці?”. У адказ чую: “Яны там далей, іх перавезлі. Мы вас тут не можам прапусціць, прабачце. Тут усё закрыта, вы абыдзіце колам, там па гуку зарыентуецеся”.

Абыходжу шэраг вайсковых грузавікоў і аўтобусаў, легендарны стадыён “Дынама” і трапляю ў лагер “антымайданаўцаў”. Тут ціха, паміж вялікіх вайсковых намётаў ходзяць хлопцы з талеркамі з грэчкай, шэрагі вайсковых палявых кухань. Знаходжу некага больш-менш інтэлігентнага выгляду (мала што можа адбыцца, пра норавы прыхільнікаў украінскай улады я ўжо паспеў начытацца ў інтэрнэце). Хлопец прадстаўляецца Жэнем, гаворыць, што ён тут “падтрымаць Украіну” і яму не сумна.

“Я з Запарожжа, Жэня мяне завуць, прозвішча Каракай. Чым займаюся? На Анголенку працую, гэта індывідуальны прадпрымальнік. Тэлефоны прадаю. Купляю-прадаю, такая прафесія. А тут… Я тут краіну падтрымаць. Тут усе сабраліся, і я не адзін — з сябрамі. Таму мне тут не сумна”.

Разам з Жэнем ідзём на Антымайдан, па дарозе чую знаёмае “мы хочам, каб у нас было так, як у Беларусі, каб парадак быў” і “аддайце нам вашага Лукашэнку”. Расказваю яму показку пра ўкраінскага сабаку, які ў Беларусі вытрымаў толькі тыдзень і вярнуўся, бо “ва Украіне хаця б брахаць можна”. Разам з яе смяёмся.

Сябрамі Жэні, з якімі яму не сумна разам падтрымліваць Януковіча, аказваюцца хлопец і дзве дзяўчыны. Пагаварыць пагаджаюцца ахвотна. Праўда, блытаюць пасады прэзідэнта Януковіча і прэм’ера Азарава. Гавораць, што таксама хочуць у Еўрасаюз. Толькі пазней.

“Сітуацыя ў краіне абвастраецца. Украіна раздзяляецца на дзве часткі, а мы супраць гэтага, мы за адзінства. Каб усе адзіныя былі. Пры ўрадзе Віктара Януковіча… Мы гатовыя ўступіць у Еўрасаюз, але пазней, калі для нашай краіны ўмовы будуць больш прыдатнымі”.

Калі будзе гэтае "пазней", ніхто не ведае. Развітваючыся з Жэнем і яго сябрамі, прапаноўваю разам са мной пайсці зараз на Майдан. Яны адмаўляюцца. “Нас там могуць пабіць”, — кажа адна дзяўчына. “Ды ніхто там цябе не будзе чапаць, я ўчора хадзіла. Нармальныя яны таксама людзі, толькі што думаюць не так, але іх права”, — пярэчыць іншая.

Старэйшыя антымайданаўцы куды менш гаваркія. Маю размову са згаданай напачатку Наталляй перарывае нейкая важная жанчына, якая адводзіць Наталлю ўбок, шэпча ёй нешта на вуха, а потым падыходзіць да мікрафона сама і выдае некалькі кароткіх, як стрэлы, паліткарэктных адказаў. Навокал тым часам падазронага выгляду мужыкі цягаюць вялізныя драўляныя шчыты — усіх жадаючых падтрымаць Януковіча за агароджу да сцэны не падпускаюць: людзі стаяць групамі на наспех збітых шчытах, якія кладуць проста на снег. Мітынгоўцы падыходзяць арганізаванымі калонамі, на пачатку кожнай шыльдачка з назвай горада. У добраахвотнасць і самаарганізаванасць такіх дзеянняў з кожнай хвілінай я веру ўсё менш.

Праціскаюся бліжэй да выхаду і бачу вялізны плакат “Партыі рэгіёнаў”. Ён пераконвае, што “Еўропе — так, беспарадкам — не”. На вялікім экране збоку ад сцэны круцяць запіс звароту Януковіча. Па-ўкраінску. Ён таксама пераконвае ў еўрапейскім выбары Украіны.

“Мы не адмаўляліся і не адмаўляемся ад еўрапейскай інтэграцыі. Мы ішлі і будзем ісці шляхам рэформ, якія будуць набліжаць нас да крытэраў Еўропы. Мы хочам мадэрнізаваць Украіну”.

Прыкладна тое самае і на той жа мове праз гадзіну чую са сцэны Майдана. Толькі людзей тут у дзесяткі разоў больш, сцягі іншыя, а пра Януковіча і Азарава расказваюць зусім іншыя гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі