"Мы ўсё роўна пішам": Галіна Латыпава пра маніпуляцыю карэспандэнцыяй у СІЗА

Ліст з вожыкам ад Сцяпана Латыпава / Еўрарадыё
Ліст з вожыкам ад Сцяпана Латыпава / Еўрарадыё

"У камеры, нягледзячы на спякоту, Сцяпан малюе лятучых вожыкаў і адсылае іх сваім родным, сябрам і суседзям, — расказвае пра пляменніка Галіна Латыпава. — Мілыя вожыкі на паветраных шарыках, якія ляцяць да нас праз сцены СІЗА з добрымі словамі ад Сцяпана Латыпава".

10 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска накіраваў Сцяпана Латыпава на судова-медыцынскую экспертызу. На першым пасяджэнні па справе абаронца мэмарыяла на Плошчы Перамен уваткнуў сабе ў горла ручку. Палітвязень растлумачыў: "Усе мае дзеянні звязаныя не з маёй неадэкватнасцю, а з супрацоўнікамі ГУБАЗа".

“Мы всё равно пишем”: Галина Латыпова про манипуляцию корреспонденцией в СИЗО
Сцяпан Латыпаў і яго вожык / сацсеткі
Гісторыя Сцяпана Латыпава, якога абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса / "Настоящее время"

Размаўляючы з Еўрарадыё, Галіна Латыпава кажа, што справаздачу пра сумоўе Сцяпана ў Навінках яму для азнаямлення яшчэ не перадавалі. Хлопец адчувае сябе "пакуль нармальна".

 

​У камеры горача, лісты даходзяць дрэнна

“Мы всё равно пишем”: Галина Латыпова про манипуляцию корреспонденцией в СИЗО

"Адвакатка была ў яго ў мінулую пятніцу, — расказвае суразмоўніца. — У СІЗА вельмі горача, а ў душ вязняў водзяць адзін раз на тыдзень. Гэта жудасна. У камеры душна ды яшчэ ёсць сукамернікі, якія кураць. Сцяпан трымаецца добра, але настрой мяняецца праз спёку.

Карэспандэнцыю (лісты, паштоўкі, тэлеграмы) перадаюць з вялікай затрымкай ці не перадаюць наогул. Колькі часу пасля вяртання з Навінак у СІЗА яго лісты не даходзілі. Перадачы і пасылкі перадаюць без праблем, а вось карэспандэнцыю кантралююць і маніпулююць ёю. Сцяпан пісаў скаргі адміністрацыі на дрэнную дастаўку карэспандэнцыі, пасля чаго лісты і паштоўкі сталі прыходзіць і ў той і ў другі бок, але іх мала".

 

 

Калі лістоў няма, зняволеныя пачынаюць думаць, што пра іх забыліся

Галіна Латыпава звяртае ўвагу, што маніпуляцыя карэспандэнцыяй — гэта адзін з метадаў ціску на псіхіку затрыманага. А лісты — гэта вельмі моцная падтрымка, і не толькі для Сцяпана.

"Калі лістоў няма, у зняволеных пачынаюць з'яўляцца думкі, што пра іх забыліся, што ўсе намаганні дарэмныя, хоць гэта не так, — кажа жанчына. — Разумеючы, што лісты могуць не перадаць, мы ўсё роўна пішам і падтрымліваем Сцяпана. Памятаем і будзем памятаць".

Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года побач з трансфарматарнай будкай з выявай "дыджэяў перамен". Хлопец прасіў міліцыянераў, якія прыбылі знішчыць мурал, прадставіцца — яго затрымалі. У той жа дзень у кватэры Латыпава правялі ператрус. Пасля яго дзяржпрапаганда заявіла, што ён нібыта рыхтаваўся труціць супрацоўнікаў атрутнымі рэчывамі, якія выкарыстоўваў у сваёй працы арбарыста.

Латыпава абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: "супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў", "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры".

Дата наступнага пасяджэння па справе палітвязня пакуль не прызначаная.

Калі вы хочаце падтрымаць абаронцу Плошчы Перамен, проста напішыце яму ліст або дашліце паштоўку: Латыпаву Сцяпану Сяргеевічу, СІЗА №1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, д. 2 (дата нараджэння: 11.04.1980 — для лістоў праз сэрвіс письмо.бел).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі