"Мы ж гэта рабілі моўчкі, ціха, было чуваць, як муха лётала па зале”
53 апазіцыянеры, яны ж сябры участковых і акруговых выбарчых камісій, самі падлічвалі галасы на парламентскіх выбарах. Пераважная большасць з іх кажа пра… празрыстаць выбараў на іх участках.
"На 100% кантраляваў працэс, — упэўнена заяўляе Дзмітрый Дзялюкін, сябра ўчастковай камісіі №63 Аўтазаводскай акругі №92 Мінска. — Адзінае, за што я не магу адказаць, гэта за галасаванне на кватэрах. Парушэнняў ніякіх не заўважыў. Я сам ускрываў скрыні, сам даставаў з іх бюлетэні, якія высыпаліся на стол. Адкуль кожны браў і раскладаў па кандыдатах. Пасля гэта ўсё пералічвалі і заносілі ў пратакол".
Дзмітрый Дзялюкін дзеліцца з Еўрарадыё ўсімі лічбамі, зафіксаванымі на ўчастку, дзе прагаласавала 1007 чалавек. 537 аддалі галасы за дырэктара МАЗа Валерыя Курсевіча, 108 — за Пятра Жолнера, Віктар Новікаў атрымаў 96 галасоў, Дзяніс Рыбалтоўскі — 49, Аляксей Янукевіч — 66, супраць усіх — 95, сапсаваных бюлетэняў — 6.
Адзінай хібай падчас пераліку галасоў прадстаўнік БСДГ Генадзь Ігумнаў (працаваў на выбарчым ўчастку №12 Брэсцкай Усходняй акругі №3) называе спробу ўкіду ў іхнюю скрыню чатырох дзіўных бюлетэняў з іншага ўчастка.
"Мы іх па пратаколе прызналі несапраўднымі. А так, усё прайшло спакойна, без эксцэсаў і скаргаў", — дзеліцца назіраннямі Ігумнаў.
Сяргей Кастыленка (РЭП) і Алена Міхалап (БХД) працавалі на закрытых выбарчых участках. Сяргей — у Сенніцкай райбальніцы, Алена — у бабруйскай радзільні. Абое сцвярджаюць, што выбары прайшлі дэмакратычна.
"Я сам падлічваў галасы і ўсё бачыў сваімі вачыма", — кажа Сяргей.
Алена Міхалап дадае:
"Я асабіста бюлетэні раскладвала. Мы ўсе раскладвалі і лічылі іх па некалькі разоў. Усё было адкрыта: і назіральнікі побач стаялі, кантралявалі ўсё ў метры ад стала. Мы некалькі разоў пералічылі: там было шэсць галасоў за Кабанчук Таісію Карпаўну (прадстаўніца АГП, — заўвага Еўрарадыё). Усё было вельмі добра арганізавана".
66-гадовая Раіса Радзівановіч — дасведчаная ўдзельніца выбараў. Летась, на прэзідэнцкіх, яна была назіральніцай ад БСДГ. Цяпер — сябра выбарчай камісіі на ўчастку №176, што ў 96-й акрузе.
"Мне гэта вельмі цікава, — тлумачыць сваю актыўнасць Раіса Васільеўна. — Я не інквізітар, не шукаю, каб каго распяць. Не. Я проста гляджу, каб усё было па законе".
У выніку, па прапанове Радзівановіч старшыня камісіі асабіста адмярае тры метры вялікімі крокамі ад назіральнікаў да скрыні:
"У нас было дзевяць стосаў, сем кандыдатаў, сапсаваныя і супраць усіх. Мы ўсё гэта расклалі. Бюлетэні пералічвалі адзін за адным. Адна пералічыла, нешта там сабе пазначыла і кажа: "Пералічы за мной". Я кажу: "У мяне на адзін меней". А яна: "Не можа быць". Мы ж гэта рабілі моўчкі, ціха, было чуваць, як муха лётала па зале. Камісія стаяла вакол стала, а я сядзела, бо праблемы з пазваночнікам. Усё было нармальна".
Доступ да ўсіх папер выбарчай камісіі меў і Аляксандр Жбачынскі, прадстаўнік БНФ, сябра ўчастковай камісіі №21 Слуцкай акругі №67:
“Не думаю, што да мяне, як да сябра партыі БНФ, было нейкае асаблівае стаўленне. Магчыма, асцярожнае, па зразумелых прычынах. А так, я лічыў галасы, як і ўсе".
Іншае ўражанне ў Наталлі Мотуз, якая лічыла галасы ва ўчастковай камісіі №45 (Аўтазаводская акруга №92) уМінску.
"Я прысутнічала на датэрміновым галасаванні: там было ўсё дастаткова ідэальна, — распавядае Наталля. — Сябры камісіі рабілі выгляд, што я такая ж, як яны, даручалі мне справы, нават абмяркоўвалі са мной меню. Але ў выніку, калі зразумелі, што хол нашай школы, дзе знаходзіцца ўчастак, цалкам пусты ўжо некалькі гадзін, сталі падганяць туды аўтобусы з выбаршчыкамі. Мяркую, што гэта быў аўтобус з МАЗа... У падліку галасоў я ўдзельнічала. Але, на жаль, мне не дазволілі пералічыць бюлетэні, што было маёй мэтай".
Мотуз прапаноўвала сваёй камісіі скарыстацца еўрапейскай сістэмай падліку галасоў, калі кожны бюлетэнь падымаецца, і ўсе сябры камісіі, назіральнікі, журналісты, якія знаходзяцца на ўчастку, бачаць яго змест. Прапанова Наталлі была адхіленая.
"У выніку я хацела пералічыць некалькі стосаў, але яны гэтага зрабіць не дазволілі. Таму я ім не давяраю".