Мясніковіч: Належнага прагрэсу ў развіцці эканомікі Беларусі няма
Гэтую заяву прэм'ер-міністр зрабіў у аўторак на паседжанні прэзідыума ўраду.
Міхаіл Мясніковіч перакананы, што вынікі працы айчыннай эканомікі ў студзені-жніўні 2014-га былі б значна лепшымі, калі б не безыніцыятыўнасць кадраў. "Створаны ўсе неабходныя ўмовы кіраўніком дзяржавы, урадам, але належнага прагрэсу ў развіцці эканомікі няма", — цытуе словы Мясніковіча БЕЛТА.
Прэм'ера вельмі турбуе, што праблема з кадрамі існуе і ў міністэрствах, і ў аблвыканкамах. "Цэлы шэраг старшыняў райвыканкамаў дэманструюць поўную бездапаможнасць. Аналагічна і кіраўнікі адпаведных комплексаў або гаспадарак — усё чакаюць нейкіх чарговых указанняў, што рабіць", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Сёння пра неабходнасць павышэння выканаўчай дысцыпліны гаварыў і Аляксандр Лукашэнка (гл. відэа).
Фота — ria.ru