Мытня возьме лішнія 100 еўра за кожную машыну

У пятніцу, 12 траўня, з’явіліся першыя паведамленні, што ў хуткім часе могуць павысіцца мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў. У той жа дзень карэспандэнт “Еўрарадыё” звярнуўся па ўдакладненні ў прэс-службу Дзяржаўнага мытнага камітэта. Кіраўнік службы Уладзімір Песцераў адмовіўся ад каментароў.
Адзінае заўважыў, што ў яго ніякіх афіцыйных звестак на гэты конт няма. Не верыла ў павышэнне пошлін і генеральны дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава. Але ўжо ў панядзелак намеснік старшыні ДМК Уладзімір Гошын пацвердзіў – прапанова павысіць пошліны з 1 ліпеня на 5 еўрацэнтаў падрыхтавана іх камітэтам.

Такія паводзіны дзяржаўных чыноўнікаў не здзівілі рэдактара газеты “Аўта-бізнес” Змітра Навіцкага.

Зміцер Навіцкі
: “Сітуацыя стандартная і абыгрывалася ўжо некалькі разоў. Спачатку пускаецца чутка, што пошліны ўздымуцца моцна і рэзка. Усе пачынаюць купляць і прадаваць машыны. Грошай у бюджэт паступае больш. А потым аб’яўляецца пра павышэнне нязначнае – на 100, 200, 300 еўра. На фоне першых чутак усе гэтаму радуюцца і гавораць аб тым, што мы жывем у выдатнай краіне”.

Сёння мытная пошліна на ўвоз аўтамабіля, не старэйшага за 3 гады і з аб’ёмам рухавіка да 1500 кубічных сантыметраў, складае 0,6 еўра за кубік. Ад 1500 да 2500 кубічных сантыметраў – 0,7 еўра. Звыш 2500 кубікаў – 0,75 еўра. Аўтамабілі ўзростам ад 3 да 10 гадоў каштуюць 0,35, 0,4 і 0,6 еўра за кубічны сантыметр, адпаведна. Мытная пошліна на машыны, з моманту выпуску якіх прайшло ад 10 да 14 гадоў, складае 0,75 еўра. Старэйшых за 14 гадоў – 2 еўра за кубік. Усё гэта пры ўмове, што ўвозіцца першы аўтамабіль на працягу года.

Згодна з паведамленнем агенцтва “Інтэрфакс”, якое спасылаецца на намесніка старшыні мытнага камітэта Уладзіміра Гошына, 5 еўрацентаў даплюсоўваюцца да ўжо існуючых мытных спагнанняў. Такім чынам, аўтамабіль з рухавіком аб’ёмам 1,6 літра падаражэе на 80 еўра, 1,8 літраў – на 90, а 2 літра – на 100 еўра.

Пракаментаваць прапанову мытнага камітэта Савету міністраў павысіць пошліну кіраўнік прэс-службы ДМК Уладзімір Песцяраў адмовіўся і ў панядзелак, 15 траўня.

Уладзімір Песцераў: “Мы гэтую навіну не каментуем. Вось як яна ёсць, так мы яе і падалі. Мы не збіраемся развіваць гэтую тэму”.

Прадаўцы аўтамабіляў успрынялі навіну па-рознаму. Адміністратар “Таёта-Мінск цэнтра” Вольга Ціханава гаворыць пра заўтрашні дзень спакойна.

Вольга Ціханава: “Нашы цэны, безумоўна, павысяцца. Але ўжо зараз у дамовы ўносіцца пункт аб магчымым павышэнні кошту аўтамабіля”.

Але яна ўпэўненая, што колькасць пакупнікоў у іх цэнтры не зменшыцца.

Па словах Сяргея, які гандлюе аўтамабілямі на адным з мінскіх рынкаў, яго калегі сустрэлі навіну не так спакойна. Яны таксама спадзяюцца, што падаражанне не паўплывае на жаданне людзей набыць “жалезнага каня”.

Куды больш іх палохаюць намеры ўрада збіраць у Беларусі кітайскія альбо ірацкія аўто. У гэтым выпадку павышэнне мытных пошлін будзе больш сур’ёзнае. Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі казаў, што такі аўтамабіль будзе каштаваць каля 6-7 тысяч долараў. Ці не ўзнімуцца кошты на патрыманыя аўтамабілі на рынку да гэтага ўзроўню?

Пазіцыю як аўтааматараў, так і пакупнікоў на гэты конт патлумачыў рэдактар газеты “Аўта-бізнес” Зміцер Навіцкі.

Зміцер Навіцкі
: “Давайце выйдзем за Мінскую кальцавую, дойдзем да бліжэйшай вёскі і спытаем у любога вяскоўца, што ён набудзе – новы кітайскі аўтамабіль альбо дызельны PASSAT B3, на які нашы возьмуць ліцэнзію, збяруць яго і ён будзе каштаваць тых жа грошай? Любы адкажа, што бярэ PASSAT. Таму што гэта нармальны беларускі народны аўтамабіль.

Калі ў нас будуць выпускаць гэтыя PASSATы, тады можна гаварыць аб павышэнні мытных пошлін. А зараз, калі нам не трэба абараняць мясцовага вытворцу, размова ідзе толькі аб паступленнях у бюджэт. Калі ні з пушчы, ні з поля пачынаюць уздымаць пошліны, узнікае пытанне: “А чаму?”


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі