Беларускі футбольны трэнер, каб ажаніцца ў Інданэзіі, прыняў іслам
Алег Кузьмянок
Алег Кузьмянок, былы галоўны трэнер футбольнага клуба "Гарадзея", памочнік Ігара Крывушэнкі ў нацыянальнай зборнай Беларусі ў 2017-2019 гадах, сёлета працаўладкаваўся ў Малайзіі. Гэта акадэмія клуба "Кучынг Сіці". Спачатку 49-гадовы Кузьмянок працаваў з юнакамі, але ў красавіку беларуса паставілі галоўным трэнерам "Кучынг Сіці U-23", піша "Трыбуна".
У Малайзію трэнер пераехаў з Інданэзіі. У 2019-2021 гадах Крывушэнка трэніраваў там клуб "Персікаба", а Алег Кузьмянок быў у яго штабе. Каб ажаніцца ў Інданэзіі, ён прыняў іслам. Яго жонка — дачка бізнесмена. У іх нарадзілася дзіця. Для беларускага трэнера гэта трэці шлюб. Апошні раз на радзіму ён прыязджаў у 2022-м, "каб уладзіць бытавыя і сямейныя пытанні" (тады ў РБ яшчэ была законная жонка).
У Малайзію Кузьмянка перацягнуў трэнер Аідзіл Шарын, з якім яны нейкі час працавалі разам. З 2019-га беларус так і не вывучыў ні інданезійскай мовы, ні тым больш малайскай. З англійскай у яго таксама праблемы. Таму кіраваць калектывам даводзіцца з дапамогай перакладчыка. 21 траўня "Кучынг Сіці U-23" правядзе пад яго кіраўніцтвам першы афіцыйны матч.
Кузьмянок цалкам паглыблены ў футбол, бо яшчэ не паспеў перавесці ў Малайзію сваю сямʼю, адзначае выданне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.