МЗС Беларусі: ніхто не можа папракнуць нас у апаганьванні месцаў пахавання
7 ліпеня ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў нашай краіне Марціна Вайцяхоўскага. Прычынай называецца "нематываваная заклапочанасць польскага боку сітуацыяй з месцам каля вёскі Мікулішкі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці". У беларускім знешнепалітычным ведамстве здзіўляюцца, што польскія СМІ называюць яго "брацкай магілай польскіх салдат". Вайцяхоўскаму было заяўлена, што афіцыйна там не зарэгістравана вайсковых пахаванняў ці пахаванняў замежных грамадзян.
"Беларускі бок вельмі ўважліва падыходзіць да падобнага роду пытанняў, — адзначаецца ў заяве МЗС РБ. — Таму ў дадзеным выпадку законнасць правядзення работ па ўладкаванні тэрыторыі дадаткова пацверджана Генеральнай пракуратурай і грунтуецца на атрыманні дадзеных аб адсутнасці чалавечых парэшткаў і іншых перашкаджаючых фактараў".
Атрымліваецца, што афіцыйна пацвярджаецца: работы ў Мікулішках беларускім бокам праводзіліся, але астанкаў нібыта не знайшлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.