Польшча адрэагавала на знішчэнне могілак салдатаў Арміі Краёвай у Мікулішках

Польшча адрэагавала на знішчэнне могілак салдатаў Арміі Краёвай у Мікулішках

МЗС Польшчы адрэагавала на знішчэнне магіл жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Гарадзенскай вобласці, зробленае на загад беларускіх уладаў.

"Гэтая надзвычай ганебная падзея з'яўляецца прыкладам невыкананьня цяперашнімі беларускімі ўладамі ўсіх сваіх абавязкаў адносна памятных месцаў на сваёй тэрыторыі. Гэта нагадвае самыя змрочныя старонкі гісторыі камунізму, і, зважаючы на ​​ранейшыя паведамленні пра спусташэньне польскіх ваенных пахаванняў, нельга ўспрымаць інакш, як мэтанакіраваную акцыю з мэтай далейшага пагаршэння ўзаемаадносінаў паміж Польшчай і Беларуссю", — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Польскі бок падкрэслівае, што ліквідацыя польскіх магіл і мемарыяльных месцаў — чарговы прыклад ціску рэжыму Лукашэнкі на палякаў у Беларусі.

"Мы рашуча асуджаем гэтую антыпольскую кампанію беларускіх уладаў, накіраваную на ліквідацыю любых слядоў польскасці ў Беларусі, — кажуць у МЗС Польшчы. — Знішчэнне ваенных магіл не зменіць гісторыю і не можа сцерці памяць аб мінулым. Гэта яшчэ раз паказвае свету варварства цяперашняга рэжыму".

У сувязі з інцыдэнтам 5 ліпеня ў МЗС выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі ў Польшчы.

"У 1944 годзе жаўнеры 3-й і 6-й брыгад Арміі Краёвай, часткі Войска Польскага, удзельнікі аперацыі "Вострая Брама" змагаліся за вызваленне Вільні ад нямецкай акупацыі і заплацілі за гэта самую высокую цану. Асабліва шакуе, што гэты беспрэцэдэнтны ўдар беларускі бок вядзе перад гадавінай аперацыі 7 ліпеня", — адзначаюць у міністэрстве.

Пра знічшэнне магіл польскіх жаўнераў у Мікулішках стала вядома 4 ліпеня праз дэпутата Сейма Польшчы Роберта Тышкевіча. Магілы цяпер зраўняныя з зямлёй. 

Раней МЗС Польшчы заявіў пратэст супраць апаганьвання помнікаў і магіл палякаў у Беларусі. Вядома, што гэта адбылося ў Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў супакою польскіх жаўнераў і ўдзельнікаў народных паўстанняў.

Польшча адрэагавала на знішчэнне могілак салдатаў Арміі Краёвай у Мікулішках
Так выглядала месца пахавання палякаў да таго, як яго зраўнялі з зямлёй па загаду беларускіх уладаў / Роберт Тышкевіч

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі