МЗС Беларусі патлумачыў пазіцыю наконт Крыма

МЗС Беларусі патлумачыў пазіцыю наконт Крыма

Міністэрства замежных спраў выступіла з тлумачэннем, чаму галасавала супраць рэзалюцыі ААН па тэме Крыма. 

У сваім каментары кіраўнік аддзела прэс-службы А.Шупляк заявіў: "Беларусь заўсёды галасавала супраць любых краінавых рэзалюцый. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Мы на ўласным досведзе ведаем, што такое спробы штучнай палітызацыі, раздзімання праблем, якіх у рэальнасці няма ў грамадстве і дзяржаве".

Па словах дыпламата, беларуская пазіцыя палягае ў тым, што на Генеральнай асамблеі ААН не варта абмяркоўваць і прымаць падобныя краінавыя дакументы. Менавіта таму ў свой час Беларусь прапанавала ўвогуле зняць з галасавання ў ААН увесь пакет краінавых рэзалюцый. Аднак гэтая прапанова не прайшла.

"Галасаванне супраць краінавых рэзалюцый — не сведчанне бяздушнасці Беларусі да заклапочанасці іх ініцыятараў. Наша галасаванне супраць гэтага інструмента — спроба прыцягнуць увагу да яго не толькі неэфектыўнасці, але да яго разбуральнасці. Без настойлівага пошуку шляхоў і магчымасцяў да збліжэння пазіцый, за рамкамі абвінаваўчых рэзалюцыяў, вырашэння існуючых праблем не знайсці", — упэўнены прадстаўнік МЗС.

У аўторак, 19 снежня, Генасамблея ААН падтрымала рэзалюцыю аб правах чалавека ў Крыме і Севастопалі, прапанаваную Украінай. За яе прагаласавалі 70 краін, супраць выказаліся 26, яшчэ 76 устрымаліся. Падтрымалі дакумент большасць еўрапейскіх краін, ЗША, Грузія. Супраць выступілі Расія, Кітай, Беларусь, Індыя, Сербія, Арменія, Куба, Іран, Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан, ПАР ды іншыя. Устрымаліся многія краіны Блізкага Усходу, Егіпет, ААЭ, Аман, а таксама Бразілія, Сальвадор, Чылі.

Пазіцыя Беларусі падчас галасавання ў ААН абурыла многіх украінскіх палітыкаў. Дэпутат Вярхоўнай рады Рэфат Чубараў прапанаваў пашукаць замену Мінску ў перамовах наконт сітуацыі ва Украіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі