МЗС — пра дыпламатычны скандал: Герашчанка можа бесперашкодна наведваць Мінск
У МЗС Беларусі пракаментавалі сітуацыю з прадстаўніцай Украіны на мінскіх перамовах Ірынай Герашчанка, якая не магла трапіць у нашу краіну. Як зазначыў прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства Дзмітрый Мірончык, сітуацыя вырашаная:
Мірончык: "Герашчанка можа, як і раней, бесперашкодна наведваць Мінск для ўдзелу ў перамовах Трохбаковай кантактнай групы па Украіне. Менавіта беларускі бок робіць усё неабходнае для таго, каб гэтыя перамовы адбываліся тут у камфортных умовах".
Сама першы віцэ-спікер Украіны паведаміла, што ёй дазволілі ўезд у Беларусь толькі да 25 траўня, інфармуе сайт 112.ua.
Як паведамляла Еўрарадыё, прадстаўніца Украіны на мінскіх перамовах сутыкнулася з цяжкасцямі, калі прыбыла ў Беларусь. Памежнікі не хацелі яе пускаць, бо Ірына Герашчанка ўнесеная ў спіс неўязных расійскім бокам.