На чэмпіянаце свету Ціманоўская трапіла ў паўфінал бегу на 200 метраў
Крысціна Ціманоўская / Telegram
На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы беларуска Крысціна Ціманоўская, якая выступае за Польшчу, трапіла ў паўфінал бегу на 200 метраў. Праўда, не без праблем. У сваім забегу бягуха была пятай і паказала час 22.88 секунды. А аўтаматам у паўфінал трапляюць толькі першыя тры месцы з кожнай кваліфікацыі, а таксама шэсць самых хуткіх бягух пасля іх. Сярод іх і апынулася Ціманоўская.
Днямі Крысціна Ціманоўская не прайшла кваліфікацыю на стометроўцы. Яна таксама была пятай у сваім забегу. "Перахвалявалася праз фальстарт", — тлумачыла бягуха.
На сёлетнім чэмпіянаце свету ў Будапешце Ціманоўская ўпершыню выступае за Польшчу.
На Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе Крысціна Ціманоўская адмовілася бегчы на "чужой" дыстанцыі, што выклікала скандал у беларускай зборнай. Ціманоўскую паспрабавалі тэрмінова выслаць на радзіму, але яна выехала ў Польшчу, атрымала польскае грамадзянства, паспяхова ўдзельнічала ў мясцовых спаборніцтвах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.