На чэмпіянаце свету па муай-тай беларусы нарэшце абышлі расіян
Лепшым байцом усяго турніру прызналі нашага Андрэя Кулебіна, які накаўтаваў тайца.
Зборная Беларусі вярнулася з Малайзіі, дзе праходзіў чэмпіянат свету. У складзе мужчынскай зборнай нашы чатыры самыя зорныя байцы здабылі чатыры залатыя медалі. Вызначыліся Андрэй Кулебін (клуб “Кік-файтэр”, 67 кг), Дзмітрый Валент (клуб “Кік-файтэр”, 81 кг), Дзяніс Ганчаронак (клуб “Патрыёт”, 91 кг), Аляксей Кудзін (клуб “Сін-цяо”, Маладэчна, +91 кг).
Віталь Гуркоў не ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету з-за траўмы. Нягледзячы на гэта, беларусы апярэдзілі расіян і украінцаў ― сваіх галоўных канкурэнтаў з Еўропы. У выніку мы занялі другое агульнакаманднае месца, прапусціўшы наперад каманду Тайланда. Магчыма, прысутнасці Гуркова для татальнай перамогі і не хапіла.
Вось што гаворыць Дзмітрый Пясецкі, старшы трэнер нацыянальнай зборнай:
“Каманда выступіла здорава, хоць двубоі складваліся не так лёгка. Некаторыя байцы да фіналу падышлі падбітымі, траўмаванымі, але ўсё склалася для нас спрыяльна. Трэба ганарыцца, што ў нас такая каманда. Расійская зборная, напрыклад, хоць і прыехала без дваіх вядомых байцоў, але была вельмі моцнай. Украінцы прыехалі ў аптымальным складзе, наймацнейшай за доўгія гады была шведская каманда, туркі…”.
У чэміянаце свету прынялі ўдзел 105 краін. Найлепшым байцом усяго турніру прызналі беларуса Андрэя Кулебіна (на здымку). Беларускія юніёры занялі першае агульнакаманднае месца, хоць такой вялікай канкурэнцыі, як сярод дарослых спарстменаў, у іх не было.