З хуткай дапамогі звольнілі фельчарку, чэмпіёнку Беларусі па муай-тай
З хуткай дапамогі звольнілі фельчарку, чэмпіёнку Беларусі па кікбоксінгу і муай-тай Анастасію Калашнікаву. Яна працавала на 6-й падстанцыі ў Мінску. Калашнікава напісала пра тое, што з ёй не працягнулі кантракт, у Instagram. У допісе яна адзначае, што для начальства галоўнае не які ты спецыяліст і як адносішся да працы, а ці лаяльны да ўлады.
У студзені Калашнікаву затрымлівалі недалёка ад народнага мемарыяла пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага. Ноч яна правяла на Акрэсціна. У выніку спартсменку аштрафавалі на 870 рублёў за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў".
Анастасія Калашнікава ў спорт прыйшла ўжо пасля таго, як пачала працаваць фельчарам у выязной брыгадзе хуткай дапамогі. Яна вядомая як паспяховая спартсменка — неаднаразова выйгравала чэмпіянаты Беларусі па тайскім боксе і кікбоксінгу, станавілася прызёрам міжнародных турніраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.