На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў

На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў

Грошы на дапамогу беларусам, што ваююць за Украіну, збіралі сёння ў Мінску праз дабрачынны марафон "Дапамажы беларускаму салдату". Людзям прапанавалі не проста ахвяраваць нейкія сумы, а набыць карціны. Свае творы для аўкцыёну прапанавалі аўтар “Народнага альбому” Міхал Анемпадыстаў, Андрусь Такінданг і Наталка Бордак. Ідэя гэтага дабрачыннага аўкцыёну належыць Змітру Дашкевічу.

“Справа ў тым, што тыя добраахвотнікі, якія ваююць за незалежнасць Украіны, ад украінскай дзяржавы не атрымліваюць абсалютна нічога. Усё, што яны маюць, гэта тая дапамога, якую ім аказваюць валанцёры. На фронце яны маюць і харчаванне, і адзенне, але калі выязджаюць на ратацыю, то не маюць грошай ні на тое, каб кватэру зняць, ні на харчаванне. І часам вымушаныя выходзіць з плакатамі да вялікіх крам, каб такім чынам сабраць неабходныя грошы. Так і нарадзілася ідэя сабраць грошы і дапамагчы хлопцам”, — распавядае Еўрарадыё Зміцер Дашкевіч.

На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў
Зміцер Дашкевіч

І прызнаецца: калі пабачыў на ўласныя вочы, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі ва Украіне, прыняў рашэнне перадаць ім 25% свайго заробку — каля 250 умоўных адзінак. Што праўда, кожны месяц адлічваць такую суму не можа — трэба і сваю сям’ю ўтрымліваць. Таму і вырашыў зладзіць такі вось аўкцыён. Па словах Змітра, як толькі ідэя агучваецца праз фэйсбук, да яго адразу звяртаецца Міхал Анемпадыстаў і прапаноўвае для аўкцыёну свае карціны. Гэтак жа самі прапаноўваюць свае працы Андрусь Такінданг і Наталка Бордак.

Праходзіць дабрачынны марафон ва Управе Партыі БНФ. Сярод прысутных — валанцёры з Украіны Вольга Гальчанка і Аляксандра Алёшына. Дзяўчаты дапамагаюць найперш менавіта добраахвотнікам-беларусам. Па іх словах, дапамога хлопцам на фронце сёння сапраўды вельмі патрэбная.

“Пасля таго, як загінуў беларус з пазыўным “Тарас” — Алесь Чаркашын, нам перадалі яго бронекамізэльку. Яна ў яго была самая простая: пліта на грудзі і пліта на спіну. З правага боку гэтай бронекамізэлькі была дзірка – месца, дзе прайшоў аскепак ад снарада. Калі б у яго была іншая бронекамізэлька: з бакавымі пласцінамі, з кеўларавым каўняром, то цалкам магчыма, што ён і зараз быў бы жывы. Адно — такая экіпіроўка каштуе вялікіх грошай, і не заўжды ёсць магчымасць іх сабраць і набыць,тое, што сапраўды трэба. “Тараса” ўжо не вернеш, але на фронце засталіся іншыя хлопцы-беларусы, якіх трэба экіпіраваць так, каб такія сітуацыі больш не паўтараліся”, — тлумачаць Вольга Гальчанка і Аляксандра Алёшына неабходнасць такога збору грошай.

На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў
Аляксандра Алёшына і Вольга Гальчанка

З трох мастакоў, якія прапанавалі свае карціны да дабрачыннага марафону, на Управу 24 студзеня прыйсці атрымліваецца толькі ў Наталка Бордак. Яна не шматслоўная.

“Нашы хлопцы там змагаюцца не толькі за свабоду Украіны, але і за нашу з вамі свабоду. Таму давайце дапаможам ім чым зможам”, — заклікае мастачка.

На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў
Наталка Бордак

Яе сваімі песнямі падтрымліваюць барды Андрусь Мельнікаў і Зміцер Захарэвіч. Дарэчы, Зміцер і сам быў ва Украіне, выступаў перад байцамі на перадавой у сектары “М” — пад Марыупалем. 

На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў
Андрусь Мельнікаў
На дапамогу беларускім добраахвотнікам за пару гадзін сабралі 1165 долараў
Зміцер Захарэвіч

І людзі адгукаюцца. Дзве карціны Міхала Анемпадыстава набываюць яшчэ да пачатку марафону, яшчэ адну — падчас яго. Карціну самой Наталкі Бордак набывае Вікторыя Зуйкова па просьбе свайго бацькі Сяргея Караткова, які такім чынам хоча дапамагчы і сваякам ва Украіне, і беларусам, што ваююць за гэтую краіну на Данбасе.

Цікаўлюся ў арганізатара марафону Змітра Дашкевіча, ці месца на той вайне беларусам, калі ўкраінская дзяржава іх не толькі не забяспечвае самым неабходным – не дае грамадзянства і нават ужо гучаць словы ад афіцыйных асоб, што дапамога замежнікаў Украіне патрэбная.

“Яны дапамагаюць там не нейкім палітычным сілам, прэзідэнтам ці чыноўнікам — яны дапамагаюць братняму народу. І гэты народ, у адрозненне ад улады, іх дапамогу цэніць”, — упэўнены Зміцер.

Дашкевіча падтрымліваюць Вольга Гальчанка і Аляксандра Алёшына. Па словах дзяўчат, сёння менавіта беларусы найбольш актыўна дапамагаюць Украіне. І гаворка не толькі пра дапамогу ваенную ад добраахвотнікаў — беларусы збіраюць і перадаюць ва Украіну гуманітарную дапамогу, грошы, падтрымліваюць маральна. І ўкраінцы, упэўніваюць валанцёры, гэта сапраўды вельмі цэняць.

Па словах Дашкевіча, магчымасць набыць карціны ці проста ахвяраваць грошы беларускім добраахвотнікам ва Украіне ў ахвотных будзе і надалей — марафон працягваецца.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі