На гэтым тыдні ў Беларусі будзе марозна — да -12 градусаў
На гэтым тыдні ў Беларусі будзе пераважаць зімовы характар надвор'я — пераважна снег і адмоўныя тэмпературы. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак, 19 снежня, па ўсходзе Беларусі пройдзе снег, чакаецца завіруха. Уначы па Гомельшчыне і Магілёўшчыне чакаецца моцны снег, у гэтых раёнах абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Па паўднёвым усходзе краіны ўначы прагназуюцца парывы ветру да 15-18 метраў за секунду. На працягу сутак тэмпература паветра будзе ў дыяпазоне ад нуля да 5 градусаў марозу.
20 снежня на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе кароткачасовы снег. На дарогах месцамі магчымая галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра будзе -2...-7, пры праясненнях — 8-11 градусаў марозу. Удзень слупок тэрмометра пакажа ад нуля да 5 градусаў са знакам "мінус".
У чацвер, 21 снежня, уначы ў асобных раёнах пройдзе невялікі снег. Удзень пераважна па захадзе краіны чакаецца кароткачасовы снег. На асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Уначы прагназуецца ад 3 да 9 градусаў ніжэй за нуль, пры праясненнях — 10-12 марозу. Удзень будзе ад нуля да -6 градусаў.
У пятніцу, 22 снежня, да нас пачне паступаць больш цёплае атлантычнае паветра. У многіх раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег, па паўднёвым захадзе чакаюцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Таксама прагназуюцца слабы туман і галалёд. На дарогах месцамі магчымая галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра чакаецца ад нуля да 6 градусаў марозу, па ўсходзе — да -8 градусаў. Удзень сіноптыкі прагназуюць ад 4 градусаў марозу па ўсходзе да 3 градусаў цяпла па захадзе краіны.