На марафоне "Дакар" беларусаў звінавацілі ў пашкоджанні чужога аўто

На марафоне "Дакар" беларусаў звінавацілі ў пашкоджанні чужога аўто

На юбілейным марафоне "Дакар" беларускія гоншчыкі нечакана апынуліся ў цэнтры канфлікту. Паводле інфармацыі tut.by, лідара каманды Сяргея Вязовіча абвінавацілі ў пашкоджанні спорткара"Таёта". Камандзе нават выпісалі за гэта 20 хвілін штрафнога часу. 

Як выявілася, пазадарожнік "схаваўся" пад выдмай, не ўключыў "аварыйку" і апынуўся ў практычна не бачнай для грузавіка зоне.

Здарэнне адбылося на чацвёртым этапе ў ваколіцах перуанскага горада Сан-Хуан-дэ-Марконі. МАЗ Вязовіча на выдмах дагнаў два грузавікі. Адзін з іх перакуліўся на вялікім пясочным узгорку. Беларусы дагналі другое аўто, але яно не змагло забрацца на выдму і паехала назад, перакрыўшы дарогу іншым. Беларускаму экіпажу давялося спускацца разам з ім, і ў гэты момант задняй часткай наш МАЗ закрануў легкавік, які загруз у пясках. 

Па словах Вязовіча, сутыкненне было нязначным: "Праз пяць хвілін яны завяліся і з'ехалі, але крыўду, мабыць, затаілі". Пілот "Таёты" падаў скаргу арганізатарм гонкі. Тыя і аштрафавалі беларускі экіпаж на 20 хвілін, якія шмат значаць у барацьбе за трэцяе месца. 

Лідар каманды Сяргей Вязовіч падаў пратэст у надзеі аднавіць справядлівасць.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар" сёмы раз. Сёлета марафон праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі ды Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тысяч км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор'е. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі