На мяжы старанна даглядаюць тых, хто "папаўся" па 23.34
Пункт пропуску Макраны / Еўрарадыё
Памежнікі ставяць на персанальны старанны надгляд беларусаў, якія за гэтыя месяцы "папаліся" па артыкуле 23.34. Пра гэта паведамляюць чытачы, якія перасякалі днямі беларускую мяжу.
— Гэта вельмі падобна на праўду. Мы на мінулым тыдні ехалі невялікай групай з Беларусі, і з усіх нас правяралі толькі тую дзяўчыну, якая была затрыманая на адным з мітынгаў, — расказвае чытач.
Ці сапраўды гэта так? Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі адказвае даволі ўнікліва:
— Я не магу сказаць нічога пра гэта. Па-першае, прэс-служба не мае доступу да такога банка звестак. Па-другое, я моцна сумняваюся, што гэта банк звестак Дзяржпагранкамітэта, а не МУС.
— Гэта значыць, у тэорыі гэта магчыма?
— Па вывадзе можа быць усё што заўгодна. Дзяржпагранкамітэт выконвае ўсе свае функцыі па ахове дзяржаўнай мяжы, у тым ліку памежным кантролі ў пунктах пропуску, у адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць.
У прэс-службе МУС адмовіліся каментаваць такую сітуацыю: "Я думаю, што гэта не знаходзіцца ў кампетэнцыі МУС. Вам трэба ўдакладніць у Пагранкамітэце. Або вы можаце накіраваць нам запыт, мы дамо адказ, калі гэта ў нашай кампетэнцыі", — сказала Вольга Чамаданава.
Еўрарадыё накіравала запыт, мы апублікуем інфармацыю адразу, як толькі яе атрымаем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.