На СТВ запусцяць сацыяльныя ролікі "без пафасу і з гумарам"
На прыкладзе бабулек-аўтамабілістак аўтары прадэманструюць, што жыць ніколі не позна, а таксама раскажуць, што дамы ў Беларусі будуюць хутчэй, чым нараджаюцца дзеці.
На тэлеканале СТВ перад выбарамі запусцяць незвычайныя сацыяльныя ролікі. Здымае іх Уладзімір Янкоўскі, рэжысёр соцень рэкламных ролікаў і музычных кліпаў.
"Ролікі будуць пра жыццё, пра людзей. Без пафасу і з гумарам. Адзін ролік прысвечаны медыцыне, другі — пенсіянерам, трэці — будаўніцтву. Жыццёвыя сітуацыі", — распавёў рэжысёр у размове з Еўрарадыё.
Першы ролік дэкламуе, што жыць ніколі не позна.
"У машыне едуць дзве бабулі за 60 год. Адна толькі здала на правы і кажа, што даўно хацела і ўзяла ды здала. Машыну сын дапамог купіць. Другая кажа: "Да ты што! У нашым узросце ўжо позна". А тая адказвае: "У нашым узросце ўсё толькі пачынаецца".
Другі ролік — пра двух малых хлопчыкаў-хакеістаў, якія чакаюць цяжарную маці у кабінеце паліклінікі і спрачаюцца, хто народзіцца: нападаючы, ці галкіпер. Тут выходзіць маці і кажа: "Гімнастка ў нас будзе!".
Трэці ролік — пра будаўніцтва.
"Маладая пара ідзе з маленькім дзіцём у калясцы. Ідуць міма будоўлі, і жонка кажа: "Глядзі: ужо наш паверх пабудавалі". Муж пытае: "Так хутка будуюць, што ўжо неўзабаве будзем засяляцца. Можа, ўчатырох заселімся?" А жонка адказвае: "Не, засяляцца будзем толькі ўтраіх. Яны так хутка будуюць, што чацвёрты яшчэ не паспее нарадзіцца". Зараз насамрэч за год будуюць дамы", — распавядае пра змест роліка Ўладзімір Янкоўскі.
Паводле замовы тэлеканала рэжысёр зняў ужо 3 ролікі. Неўзабаве яны з'явяцца ў эфіры. Але тэлеканал замовіў яшчэ тры на тэму арміі, моладзі і студэнтаў. Над імі ўжо працуюць сцэнарысты.
Цікава, што пачатак ратацыі ролікаў прыпадае акурат на агітацыйны перыяд перад выбарамі.
Нагадаем, што нядаўна ў Мінску з'явіліся білборды "Победа в наших руках".
Фота: dinews.ru