На сустрэчы з Патрыярхам студэнтам забаранілі пазяхаць і заплюшчваць вочы

Каля ўсіх мікрафонаў былі хлопцы і дзяўчаты з яўна адрэпетыраванымі пытаннямі, якія прастадушна адказвалі: “як нам ахоўнікі загадалі стаць, так мы і сталі!” У панядзелак у Віцебску адбылася сустрэча Патрыярха Маскоўскага Кірыла з віцебскай моладдзю. Студэнтаў і школьнікаў адбіралі на яе па конкурсе. Актывісты БРСМ, прафсаюзныя лідэры, з’явіцца былі абавязаныя, пры гэтым пра веравызнанне іх ніхто не пытаўся...

У некаторых віцебскіх ВНУ вялі папярэдні запіс жадаючых сустрэцца з Патрыярхам, але частцы жадаючых адмовілі. За колькі дзён да сустрэчы моладзь інструктавалі: між іншым, строга забаронена было... пазяхаць і заплюшчваць вочы, каб выпадкова не трапіць “у тэлевізію” у такім выглядзе. Але для большай часткі моладзі ўсе гэтыя прыгатаванні ды хваляванні засталіся марнымі: яны проста не трапілі на сустрэчу.

Напярэдадні было вырашана перанесці сустрэчу з Летняга Амфітэатра ў канцэртную залу “Віцебск”, нібыта, з-за халоднага надвор’я. Летні Амфітэатр разлічаны на амаль восем тысяч месцаў, у КЗ “Віцебск” ледзьве набіраецца паўтары тысячы. Розніца істотная. Але шэсць тысяч хлопцаў і дзяўчат, што не змясціліся ў крытай зале, не адпусцілі па хатах, а пакінулі ў Амфітэатры —глядзець ды слухаць Патрыярха на вялікім экране.

Падчас сустрэчы большую частку часу заняла прамова Патрыярха Кірыла. Ён гаварыў аб крохкасці ды хуткасці жыцця, аб жыццёвай моцы, аб розніцы паміж хрысціянскімі ды так званымі “еўрапейскімі” каштоўнасцямі, аб неабходнасці сур’ёзнай адукацыі, аб тым, чым адрозніваецца малады хрысціянін ад няверуючага маладзёна, аб тым, як чалавек можа стаць шчаслівым.

“Нават самае дабрабытнае жыццё мае і трагедыі, і непрыемнасці. І вось, каб чалавек мог быць шчаслівым і годна прайшоў жыццё, ён павінен мець у сабе нешта, што я заву “унутраным чалавекам”, — сказаў Патрыярх. — І вось калі гэты “ўнутраны чалавек” правільна сфармаваны, ніхто і нішто, ніякія вонкавыя непрыемнасці не здолеюць разбурыць шчасце чалавека”.

Усе жадаючыя не мелі магчымасці задаць Патрыярху пытанні. Калі вядучы аб’явіў, што прысутныя могуць задаць пытанні, да ўсіх мікрафонаў падскочылі хлопцы і дзяўчаты з яўна адрэпетыраванымі пытаннямі. На просьбу ад іншых прысутных крышачку расступіцца, каб было бачна Патрыярха, хлопцы каля аднаго з мікрафонаў прастадушна адказалі: “як нам ахоўнікі загадалі стаць, так мы і сталі!”

Пасля сустрэчы з моладдзю Патрыярх агледзеў Уваскрасенскі храм, што нядаўна быў адбудаваны, і Успенскі сабор, адраджэнне якога яшчэ ідзе.

Пасля ўрачыстага прыёму ў кіраўніцтва вобласці з віцебскага аэрапарта Патрыярх Кірыл выляцеў у Маскву.


Фота С. Серабро, news.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі