На Sziget дождж проста не спыняецца
На выспе з’явіліся абвесткі з просьбамі перанесьці намёты, якія стаяць ля Дуная, бо рака мае падняцца на 70 сантыметраў. Але мяркую што гэта анікога не палохае. Людзі ставяць намёты у самых нечаканых месцах: напрыклад, на тым жа Дунаі, ці на баку для смецця.
Прысутныя на фэстывалі праз залеву не сумуюць і прышпільваюцца па максімуме. Учора пяць асобаў, пасеўшы абапал вялікай калужы каля галоўнай пляцоўкі, імітавалі лаўленне рыбаў. Ролі рыбаў выконвалі пляшкі з півам.
Што да акампанімэнта пад які людзі ловяць рыбу і танчаць, дык учора гэта былі лонданскі гурт The Rakes, шведскі The Hives і легендарныя Nine Inch Nails. Гурт паказаў выдатнае светлавое шоў: на галоўную пляцоўкі апусцілі вялізарны напаўпразрысты манітор, за якім і гралі музыкі. Тым часам на маніторы трансляваўся захапляльны відэашэраг…
І быў вельмі моцны гук падчас выступу Nine Inch Nails, слухачы сыходзілі з месцаў пад сцэнай, бо барабанныя перапонкі не вытрымлівалі. Чуваць Nine Inch Nails было на усёй выспе. Варта адзначыць, што такая моц гуку не замінала іншым пляцоўкам, бо большасць з іх пакрытыя адмысловым тэнтам, які акумулюе гук.