На тэлеканале АНТ сказалі, што вынікі выбараў у Беларусі прыдумалі загадзя

На тэлеканале АНТ сказалі, што вынікі выбараў у Беларусі прыдумалі загадзя

Увечары 12 верасня ў праграме "Справа прынцыпу" на тэлеканале АНТ, прысвечанай вынікам парламенцкіх выбараў у Беларусі, удзельнічалі апазіцыйныя палітыкі. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін заявілі, што выбары не былі справядлівымі і свабоднымі, а агучаныя лічбы не маюць нічога агульнага з праўдай.

Вось што заявіў Янукевіч (на відэа з 6.40):

"На вялікі жаль, гэтая парламенцкая кампанія прынцыпова не адрознівалася ад папярэдніх кампаній. Калі ўсё адбывалася пад кантролем уладаў. І мы не можам сказаць, што выбары адбываліся свабодна, справядліва і, самае галоўнае, сумленна... Можна вось гэтых 110 чалавек павіншаваць, што яны там [у Палаце прадстаўнікоў] апынуліся... Аднак праблема вялікая, што мы не можам павіншаваць беларускі народ з тымі вынікамі, якія мы атрымалі. Таму што, на вялікі жаль, праз тое, што выбары не выяўляюць волю народа, мы бачым сёння ў Беларусі, што цікаўнасць да гэтых выбараў людзей вельмі нізкая. Людзям усё роўна".

У Калякіна атрымалася вельмі пераканаўчая прамова — яго не перабівалі, у студыі ўсе маўчалі (на відэа — з 46.23):

"Я ўвогуле лічу, што аб'яўленыя афіцыйныя вынікі галасавання ніякіх адносінаў да волевыяўлення грамадзян не маюць. Гэта лічбы, якія прыдуманыя былі загадзя, да выбараў. І сцэнар прызначаных кандыдатаў [насамрэч, дэпутатаў] ён спрацоўвае. Разупэўніць мяне можна толькі адным метадам, другога няма. Трэба, калі галасы лічаць на ўчастках, каб усе ўдзельнікі працэсу бачылі і разумелі, што палічылі. А мы абапіраемся на сведчанні больш за паўтары тысячы назіральнікаў, давераных асоб і кандыдатаў, якія былі ў дзень галасавання на ўчастках. Яны канстатавалі, што вынікі не ведаюць не толькі назіральнікі — самі чальцы камісій не ведаюць, як утварыліся вынікі. Гэта ведаў толькі старшыня камісіі, які аб'яўляў вынікі галасавання.

І мы пра гэта вядзем гаворку не першы раз. І ўлада ўвесь час знаходзіць нейкія прычыны, чаму гэта не зрабіць. Калі вы перамагаеце з разрывам у 90%, вы дайце гэтай апазіцыі пад тэлекамеру палічыць галасы і няхай яны самі аб'явяць: мы прайгралі. Ну вы ж схавалі так, што сама Ярмошына не ведае, якія вынікі галасавання".

На тэлеканале АНТ сказалі, што вынікі выбараў у Беларусі прыдумалі загадзя

У студыі прысутнічала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Было заўважна, што адчувае яна там сябе няўтульна. Яна заявіла, што пераканаўчых фактаў падтасовак, "каруселяў" ці чагосьці падобнага ў назіральнікаў няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі