На трасе Мінск — Гомель у Асіповіцкім раёне адбылося смяротнае ДТЗ
Смерці ўнікнуць не ўдалося
Трагедыя здарылася днём 22 кастрычніка на 77 км аўтадарогі Мінск — Гомель. Фургон Peugeot урэзаўся ў аўтамабіль Lada, які стаяў у левай паласе пасля механічнага ДТЗ.
За некалькі хвілін да гэтага кіроўца легкавіка страціў кантроль над кіраваннем аўто і зачапіў тросы адбойніка, які раздзяляе транспартныя патокі. Ён выставіў знак аварыйнага прыпынку і разам з жонкай стаў чакаць прыезду ДАІ. У гэты час у аўтамабіль уляцеў фургон.
Жанчына знаходзілася ў салоне на заднім сядзенні, яна загінула на месцы. Яе муж быў звонку і не пацярпеў.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) КК РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.