На вучэннях пад Асіповічамі заўважылі бронеаўтамабіль з Украіны
Бронеаўтамабіль на вучэннях ад Асіповічамі
На вайсковых вучэннях у Асіповіцкім раёне заўважылі бронеаўтамабіль украінскай вытворчасці.
Як піша "Беларускі Гаюн", гаворка ідзе пра КрАЗ "Кугуар" вытворчасці ўкраінскай кампаніі "АўтаКрАЗ". Яго можна пабачыць на фатаздымках газеты "Асіповіцкі край", зробленых на палігоне "Рэпішча". Там 25 верасня прайшоў збор па фармаванні тэрытарыяльнай абароны — з удзелам чыноўнікаў выканкамаў і ваенкаматаў Магілёўшчыны. Чыноўнікам паказвалі, як тэрытарыяльныя войскі адбіваюць атаку ўмоўнай варожай дыверсійна-разведвальнай групы.
"Беларускі Гаюн" падкрэслівае, што такая тэхніка ніколі не закуплялася для беларускага войска ці іншых сілавікоў рэжыму Лукашэнкі. Пагатоў, закупка не магла адбывацца пасля пачатку шырокамаштамбнай расійскай агрэсіі, у якой рэжым Лукашэнкі выступае саюзнікам Пуціна.
Хутчэй за ўсё, "Кугуар" быў захоплены вагнераўцамі падчас баявых дзеянняў ва Украіне. У Беларусь бронеаўтамабіль мог трапіць у чэрвені разам з іншай вайсковай тэхнікай вагнераўцаў пасля мяцяжу Прыгожына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.