На вяселле Глеба у Мінск прыедзе увесь “Арсенал”

А забаўляць іх будзе Сяргей Міхалок. У аўторак у газеце “Прессбол” лепшы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб прызнаўся, што летам ён стане жанатым чалавекам. І назваў імя сваёй абранніцы. Ёй стала Анастасія Касянкова, якая дзеля свайго каханага сышла з гурта “Топлес” і пераехала жыць у Лондан, дзе сёння Саша гуляе за лонданскі “Арсенал”

Еўрарадыё даведалася ад журналіста газеты “Прессбол” і сябра Аляксандра Глеба Сяргея Шчурко, калі чакаць вяселля дакладна:

“Вяселле будзе. Гэта проста іх новая ступень адносінаў. Яны знайшлі адзін аднаго. Гэта прыгожая гісторыя кахання, якая разгортвалася на маіх вачах. Заўсёды прыемна, калі людзі знаходзяць адзін аднога”.

Вызначыцца з датай вяселля пакуль вельмі складана, па словах Сяргея Шчурко, зараз спартовец не мае часу. Шчыльны графік і ў ягоных замежных сяброў, якіх Саша таксама плануе запрасіць на свята ў Беларусь:

“Я думаю, што з датай вяселля Саша вызначыцца, калі будуць зразумелымі шанцы каманды ў Лізе Чэмпіёнаў. Але ж галоўнае, што гэтае вяселле будзе, і адбудзецца яно ў Беларусі. Саша хоча запрасіць сваіх замежных сяброў, тых, з кім гуляў у Штутгардзе, і тых, з кім гуляе ў Англіі, каб яны маглі паглядзець і скласці свае меркаванні пра нашую краіну”.

Ужо зараз вядома, што імпрэза будзе даволі сціплай. І па сваёй пышнасці не будзе нагадваць вяселле тэнісіста Макса Мірнага:

Сяргей Шчурко:
“Мэта ў Насці з Сашам не рабіць якога-небудзь свята, кшталту Дня горада. Я памятаю, што ў Мірнага перакрываўся цэнтр, нейкія там коні скакалі. Яны хочуць зрабіць свята проста для сваіх сяброў. Я не думаю, што яны будуць яго моцна афішаваць і рабіць з яго нейкую падзею”.

Але ж без знакамітасцяў, канешне, не абыйдзецца. У сваім інтэрв’ю “Прессболу” Глеб прызнаўся, што на ягоным вяселлі, можа быць, выступіць Сяргей Міхалок. Аднак нібыта адбудзецца гэта толькі ў тым выпадку, калі Сяргей усё ж такі злітуецца і папросіць меншыя грошы за свой выступ. Няўжо ганарар Ляпісаў складае больш за прыбытак арсеналаўскага футбаліста? Аднак Сяргей Шчурко нас супакоіў:

“У іх з Сяргеем добрыя адносіны. Яны могуць жартаваць адзін з аднаго. Там проста было такое пытанне, і адказ з’яўляецца такім сяброўскім”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі