Нацбанк падняў стаўку рэфінансавання да гадавой інфляцыі: што гэта значыць
Нацбанк не змяняў стаўкі рэфінансавання з ліпеня 2020 года / Еўрарадыё
З 21 красавіка Нацыянальны банк павышае стаўку рэфінансавання з 7,75% да 8,5% гадавых. Рэгулятар аргументуе гэту непапулярную меру неабходнасцю абмяжоўваць інфляцыйныя рызыкі і ўзмацняць кантроль над грашовым прапанаваннем.
Пры гэтым фактычна стаўка рэфінансавання толькі зраўнялася з гадавой інфляцыяй. Сакавік-2020 да сакавіка-2021 яна якраз і складае тыя самыя 8,5%.
Еўрарадыё спытала ў экспертаў, ці дапаможа павышэнне СР замарудзіць рост цэн, а таксама што яно значыць для банкаўскага сектара і тых, каму трэба плаціць па крэдытах.
Даўно пара было падняць
На думку акадэмічнага дырэктара BEROC Кацярыны Барнуковай, такое рашэнне — сігнал Нацбанка пра тое, што ён бачыць інфляцыю, якая расце, і спрабуе на яе рэагаваць.
— У "нармальным" свеце стаўку рэфінансавання даўно пара было падняць вышэй, чым 8,5 адсотка, таму што ў нас інфляцыя 8,5 адсотка. А акрамя інфляцыі, у стаўцы павінен быць яшчэ рэальны складнік, — кажа Барнукова.
Аднак пры бягучай манетарнай палітыцы рост стаўкі рэфінансавання моцнага эфекту на інфляцыю аказаць не можа. Бо Нацбанк сёння не крэдытуе камерцыйныя банкі па стаўцы рэфінансавання. Значыць, яе велічыня для іх не асабліва мае значэнне.
— У нас няма нармальнай манетарнай палітыкі. Нацбанк не выдае крэдытаў банкам пад гэту стаўку. Таму яна страціла сваё асноўнае значэнне. Ліквіднасць выдаецца банкам па нейкай зусім іншай стаўцы на нейкіх загадкавых аўкцыёнах, у якіх няма ніякага рынкавага складніка, — працягвае Кацярына Барнукова.
Крэдыты падаражэюць
З ростам стаўкі рэфінансавання становіцца даражэйшым абслугоўванне прывязаных да яе крэдытаў. Дырэктар Даследчага цэнтра ІМП Аляксандр Чубрык адзначае, што сітуацыя, калі гадавая інфляцыя перавышала стаўку рэфінансавання, была нязручнай у першую чаргу для крэдытораў. Цяпер жа рэальная стаўка стала нулявой.
— Калі інфляцыя вышэйшая за працэнтную стаўку, добра тым, хто пазычыў грошай, а крэдыторы нясуць страты, — тлумачыць Чубрык. — Цяпер, калі Нацыянальны банк зраўняў стаўку рэфінансавання з інфляцыяй, гэта хоць у нейкай ступені кампенсуе страты, якія нясуць банкі і іншыя фінансавыя арганізацыі, чые крэдыты і іншыя фінансавыя прадукты прывязаныя да стаўкі рэфінансавання.
Хто пакрыўдзіў дзяржпрадпрыемствы?
У лютым Нацбанк адклаў рашэнне па стаўцы рэфінансавання. Інакш кажучы, у сітуацыі складанага выбару паміж цэнавай і фінансавай стабільнасцю (павышэнне СР) і закрэдытаванымі дзяржпрадпрыемствамі (захаванне СР на ранейшым узроўні) рэгулятар стаў на бок апошніх. Цяпер жа пазіцыя Нацбанка змянілася. Ён вырашыў пайсці на падаражанне крэдытаў, хоць гэты крок пакуль і невялікі.
— Гаварыць, што рынак вярнуўся ў нармальны стан, рана. Але ў цэлым рашэнне ў правільным кірунку. Таму што нават пры "ручным" кіраванні прапанаваннем грошай трымаць стаўку ніжэйшай за інфляцыю, нават калі яна ўжо не іграе ранейшай ролі, — гэта дрэнны сігнал для рынку, — кажа Аляксандр Чубрык.
Што да крэдытаў дзяржпрадпрыемстваў, то для пазычальніка нават пры інфляцыі ў 100% павелічэнне стаўкі рэфінансавання з 7% да 8% не вельмі прыемнае, адзначае эксперт.
— Для дзяржпрадпрыемстваў, якія атрымлівалі крэдыты, прывязаныя да стаўкі рэфінансавання, гэта дадатковыя выдаткі. З іншага боку, калі інфляцыя паскараецца, то ў дзяржпрадпрыемстваў павінна быць больш грошай. Калі паглядзець на вынікі маніторынгу прадпрыемстваў, які праводзіць Нацбанк, то прадпрыемствы кажуць, што іх адпускныя цэны растуць — значыць, павінна расці і выручка. А для банкаў адпускныя цэны — гэта працэнтныя стаўкі.
Кіраўнік Даследчага цэнтра ІМП падкрэслівае: для таго каб вырашыць праблему з макраэканамічнай стабільнасцю, трэба вырашыць праблему з неэфектыўнымі дзяржпрадпрыемствамі. Калі яны не маглі разлічыцца з банкамі пры стаўцы рэфінансавання 7,75% гадавых, то яе можна павысіць хоць да 8,5%, хоць да 20%, хоць знізіць да 5%, але сутнасці гэта не зменіць.
— Яны па-ранейшаму не змогуць разлічвацца. Я б не ўспрымаў рашэнне Нацбанка як тое, што ён "пакрыўдзіў" дзяржпрадпрыемствы. Дзяржпрадпрыемствы былі пакрыўджаныя зусім не Нацбанкам і значна раней. Гэта наступствы інвестыцыйных рашэнняў, якія прымаліся ў мінулым, і доўгай гісторыі праблем з кіраваннем гэтымі прадпрыемствамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.