Надзеі Лукашэнкі на "культуру-цуд" сёлета пад пагрозай — з-за надвор'я
Ячмень / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Травень у Беларусі стаў самым засушлівым з 1945 года, кажа начальнік аддзела аграметэаралогіі Белгідраметцэнтра Алег Клінцэвіч. Паводле яго слоў, за месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 12 мм ападкаў, што склала каля 20% ад кліматычнай нормы. Невялікія кароткачасовыя дажджы, якія прайшлі ў некаторых раёнах краіны напярэдадні, "сітуацыю істотна не палепшылі", распавёў ён у эфіры Беларускага тэлебачання.
Па словах прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, такое засушлівае надвор'е пагражае будучаму ўраджаю. У прыватнасці, пад пагрозай апынуўся азімы ячмень, "бо ўжо ідзе фарміраванне коласа", кажуць спецыялісты.
Менавіта гэтую культуру прапаноўваў развіваць летась Аляксандр Лукашэнка. Патрабаваў павялічыць плошчы. Казаў, што для Беларусі азімы ячмень — гэта выратаванне, таму што "ён трапляе ў той перыяд вегетацыі, калі ёсць нейкая вільгаць". Лукашэнка таксама казаў, што "азімы ячмень – гэта цуд", і што ён "адназначна перакананы, што азімаму ячменю быць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.