Надзея Скардзіна адпачывае на Крыце разам са зборнай Швейцарыі
Беларуская біятланістка Надзея Скардзіна, чэмпіёнка Алімпіяды ў Пхенчхане (эстафета) адпачывае на Крыце ў таварыстве зборнай Швейцарыі. Нядаўна спартсменка апублікавала ў Інстаграм фотаздымак прыгожых горных краявідаў. Карыстальнікі дастаткова хутка апазналі месца здымкі — востраў Крыт.
Днямі ў сеціве было апублікаванае фота зборнай Швейцарыі, якая праводзіць на Крыце ўцягвальны збор. На фота крайняя справа — Надзея Скардзіна. Пра гэта паведамляе Вконтакте расійская біятлонная суполка.
Спартсменка адсутнічала на ўстановачным зборы жаночай каманды Беларусі, які праходзіць у Раўбічах, і дагэтуль не адказала, ці будзе яна працягваць сваю біятлонную кар’еру.